Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Альбом «І рай і боль на Песеннай Зямлі… Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930-х гадоў». Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2020.

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў альбом «І рай і боль на Песеннай Зямлі… Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930–х гадоў» на дзвюх мовах: рускай і беларускай.

У альбоме прадстаўлены графічныя работы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя адной тэмай – этнаграфія Беларусі: этнічныя тыпы жыхароў беларускай зямлі, вясковыя і гарадскія краявіды, помнікі дойлідства, традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў. Створаныя мастакамі ў перыяд 1920−1930–х гадоў, яны маюць вялікую каштоўнасць: адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі матэрыяламі, бо большасць мастакоў Беларусі таго часу былі ўдзельнікамі краязнаўчага руху. Яны прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх экспедыцыях: этнаграфічных, фальклорных, археалагічных, падчас якіх рабілі зарысоўкі.

Поруч з мастацтвам Савецкай Беларусі, творамі прызнаных майстроў А. Астаповіча, А. Тычыны, М. Дучыца, М. Аксельрода, А. Марыкса, М. Горшмана ў альбоме прадстаўлены творы мастакоў Заходняй Беларусі – П. Сергіевіча, Н. Сасноўскай, Л. Родзевіча.

Этнаграфія Беларусі – вядучая тэма мастацкай спадчыны Я. Драздовіча. У выданні прадстаўлены творы з яго альбомаў «Палессе. Піншчына» і «Глыбокае».

Па–майстэрску выкананыя зарысоўкі лялек беларускага народнага тэатра батлейкі пакінуў адзін з найвыдатнейшых кніжных графікаў СССР В. Дваракоўскі. У альбоме прадстаўлены і акварэлі народных строяў тэатральнага мастака А. Марыкса, зробленыя ім падчас паездак па Беларусі ў 1920−1930–я гады.

Значную частку выдання складаюць творы графікаў Віцебска, − унікальнага па сваіх мастацкіх традыцыях горада. Сярод іх вядомыя майстры і студэнты Беларускага мастацкага тэхнікума: С. Юдовін, М. Эндэ, Л. Зевіна, Р. Семашкевіч, І. Сонкін, С. Андруховіч, Л. Лейтман, Х. Ліўшыц. Упершыню ў поўным аб’ёме публікуецца комплекс твораў Р. Семашкевіча са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўленыя ў выданні графічныя творы маюць выключную каштоўнасць: яны адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі артэфактамі. Мастакі з дакументальнай дакладнасцю перадалі аблічча краіны і нашых суайчыннікаў 1920−1930–х гадоў, помнікі культуры народаў Беларусі, значная частка якіх страчана. У той жа час глыбокі погляд таленавітага чалавека даносіць да нас усе адценні душэўнага стану жыхароў Песеннай Зямлі таго часу, дае ўнікальную магчымасць па–сапраўднаму адчуць эпоху.

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.