Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Метал"

Калекцыя вырабаў з металу дэманструе развіццё рамяства металаапрацоўкі, мясцовай прамысловасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У калекцыі "Метал" налічваецца каля 4 тыс. музейных прадметаў у храналагічных рамках XVI – пачатку XXІ ст.

Фарміраванне калекцыі пачалося з канца 1950-х гг. паступленнем ад прыватных асоб прадметаў, што бытавалі напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. на Беларусі. З цягам часу сталі праводзіцца экспедыцыі ў розныя куткі краіны, адкуль супрацоўнікі музея прывозілі прадметы, якія зараз адлюстроўваюць гісторыю паўсядзённасці. Сярод побытавых рэчаў утылітарнага прызначэння: медны і алавяны посуд, самавары, рэчы для сервіроўкі стала, прылады для пісьма, асвятляльныя прыборы і інш. Шматлікая калекцыя посуду з медзі яе сплаваў, які існаваў на Беларусі ў гарадскім і вясковым побыце ў XVIII – пачатку XX ст., характарызуецца разнастайнасцю відаў, форм і прызначэння: гаспадарчы і кухонны посуд, посуд для транспарціроўкі і захавання прадуктаў і вадкасцяў, мерныя і эталонныя пасудзіны. Да найбольш ранніх узораў посуду адносіцца медная пасудзіна XIII ст. з раскопак г.Мінска.

Калекцыя металічных вырабаў культавага прызначэння разнастайная: даразахавальніцы, літургічны посуд, лампады і інш. Найбольш раннія ўзоры адносяцца да ХІ ст., таго часу, калі палітычныя і гандлёвыя сувязі далучылі беларускія землі да сферы візантыйскага культурнага ўплыву. Асаблівай увагі заслугоўваюць помнікі культуры ўсходніх славян – медная літая пластыка, якая ўяўляе сабой збор медных абразоў, крыжоў і складаных абразоў, якія былі адліты ў перыяд з XVIII па XX ст. і характарызуюць у асноўным духоўную культуру старавераў. Літыя медныя абразкі, крыжыкі і іншыя прадметы былі аб’ектамі пакланення і прызначаліся для асабістага карыстання, ахоўваючы свайго ўладальніка ад хваробы і няшчасця.

Нельга абысці ўвагай прадметы побыту нашых продкаў, якія існуюць да гэтага часу, але трохі змяніліся пад уплывам тэхнічных навацый. У калекцыі знаходзіцца металічны посуд: алавяныя талеркі XVIII ст., конаўкі, зробленыя з гільз і снарадаў, медны посуд, сталовыя прыборы, прасы на вуглях і спіртавыя, самавары і бульёткі, машыны швейныя і газавыя лямпы і інш. Да прадметаў хатняга ўжытку адносяцца побытавая тэхніка, ключы, замкі, прасы, разнастайная скабяныя вырабы і інш. Цікавай з’яўляецца такая група музейных прадметаў, як меры вагі і вымяральныя інструменты, прыстасаванні.

Уяўленне аб удасканаленні тэхналогіі вытворчасці прадметаў з металу і ступені развіцця прамысловасці Беларусі на розных этапах гісторыі дапаўняюць узоры прадукцыі вядучых заводаў і фабрык краіны.

На прадметах калекцыі можна прасачыць развіццё савецкага фотаапаратабудавання: ад першага масавага савецкага фотаапарата "ЭФТЭ-1" да знакамітых "Зенітаў". Апроч савецкай фотатэхнікі паступова фарміруецца калекцыя заходнееўрапейскіх і амерыканскіх фотакамер.