Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Археалогія Сярэднявечча"

Калекцыя ўключае матэрыялы, якія належаць да ранняга Сярэднявечча, старажытнарускага часу, позняга Сярэднявечча і Новага часу. Ядро калекцыі сфармвана ў 1957–1967 гг. у выніку дзейнасці арганізацыйнай групы музея. Першымі прадметамі, што паступілі ў калекцыю, сталі артэфакты з раскопак курганнага могільніка Заслаўя (даследаванні Э.М. Загарульскага ў 1957 г.). У склад калекцыі ўвайшла значная колькасць археалагічных матэрыялаў, якія былі сабраны ў міжваенны перыяд і належалі Беларускаму Дзяржаўнаму Музею, што дазваляе казаць аб пераемнасці традыцый паміж гэтымі ўстановамі. Акрамя таго, у склад калекцыі "Археалогія Сярэднявечча" ўвайшла пэўная колькасць знаходак з сумежных з Беларуссю рэгіёнаў Расіі, у першую чаргу, сучаснай Пскоўскай вобласці. Інтэнсіўнае папаўненне калекцыі адбывалася ў 1970–1980-х гг., калі ў збор музея паступілі вялікія археалагічныя калекцыі з раскопак сярэдневяковых гарадоў і пахавальных помнікаў (курганных могільнікаў). Гэтыя раскопкі праводзіліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР. У 1990-я – пачатку 2000-х гг. папаўненне калекцыі ажыццяўлялася, у першую чаргу, за кошт матэрыялаў раскопак археалагічных экспедыцый Інстытута гісторыі НАН Беларусі, некаторыя з якіх часткова фінансаваліся музеем. З пачатку 2000-х гг. дзейнічае ўласная археалагічная экспедыцыя музея (кіраўнікі – В.М.Сідаровіч, Віт.М.Сідаровіч, М.А.Плавінскі). З 2004 г. экспедыцыя праводзіць сістэматычнае вывучэнне сярэдневяковых помнікаў Браслаўскага Паазер’я.

Структура калекцыі "Археалогія Сярэднявечча" ўключае матэрыялы з раннесярэдневяковых помнікаў (пражская культура, культура доўгіх курганоў), помнікаў Х–ХІІІ стст. (пахавальныя помнікі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і яцвягаў; гарады і замкі Полацкай зямлі, Панямоння, Турава-Пінскай зямлі; сельскія паселішчы і выпадковыя знаходкі) помнікаў позняга Сярэдевякоўя і Новага часу (пахавальныя помнікі, гарады і замкі, мястэчкі і сельскія паселішчы, выпадковыя знаходкі). Усяго калекцыя налічвае 21 126 адзінак захоўвання асноўнага фонду і 7 183 навукова-дапаможнага фонду.

Калекцыя "Археалогія Сярэднявечча" разам з калекцыяй "Археалогія Першабытнасці" адыгрываюць вядучую ролю ў экспазіцыйнай і культурна-асветніцкай дзейнасці музея. Прадметы з калекцыі адлюстроўваюць больш як тысячагадовы адрэзак гісторыі краіны і большую частку яе пісьмовай гісторыі. Прадметы з калекцыі складаюць 1/3 ад агульнай колькасці музейных прадметаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі "Старажытная Беларусь".