Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



БІБЛІЯ

Біблія – Свяшчэннае Пісанне іудаізму і хрысціянства, збор старажытных рэлігійных тэкстаў, гістарычных паданняў, філасофскіх, літаратурных і фальклорных твораў. Назва яго паходзіць з грэчаскай мовы і перакладаецца як “кнігі” (адсюль – слова “бібліятэка”). Структурна Біблія падзелена на дзве часткі: Стары Запавет (гісторыя дахрысціянскага перыяду) і Новы Запавет (хрысціянская частка). Першая з іх з’яўляецца старажытным яўрэйскім Свяшчэнным Пісаннем – Танах, у які ўваходзяць 39 кніг. Яны прысутнічаюць ва ўсіх хрысціянскіх Бібліях, а таксама прызнаюцца ісламскай рэлігіяй. Аднак старазапаветная частка Бібліі ў хрысціянскіх канфесіях (праваслаўі, каталіцызме, пратэстантызме) мае адрозненні ў парадку размяшчэння кніг, колькасці дадатковых твораў, што ў яе ўключаны, а таксама стаўленнем да кананічнасці некаторых з іх. Многія кнігі Старога Запавету напісаны ананімнымі аўтарамі, аднак імёны некаторых указаны ў назве твораў.

Новы Запавет утрымлівае 27 частак: чатыры Евангеллі, якія апісваюць жыццё і пропаведзі Ісуса Хрыста; кнігу хронік пад назвай Дзеі апосталаў (Апостал); частку з дваццаццю адным пасланнем апосталаў, а таксама прарочую кнігу – Адкрыццё Іаана Багаслова (Апакаліпсіс). На пачатку ІІ ст. н. э. кожнае з Евангелляў было прыпісана вызначанаму аўтару, якіх імёны – Матфей, Марк, Лука, Іаан.

Біблія складалася на абшарах Блізкага Ўсходу і берагах Міжземнага мора на працягу больш чым 1600 гадоў, пачынаючы ад ХІІІ ст. да н. э. і заканчваючы канцом І ст. н. э. Стары Запавет напісаны на іўрыце і часткова на арамейскай мове. Новы Запавет – на дыялекце старажытнай грэчаскай мовы (кайнэ). У Бібліі адлюстраваліся вераванні, культы, традыцыі, сацыяльныя ўмовы жыцця і дзейнасці людзей розных гістарычных эпох, іх маральна–этычныя прынцыпы, уяўленні аб светабудове …

Біблію называюць Кнігай кніг. У ёй прадстаўлены асноўныя літаратурныя жанры: аповеды, легенды, паэмы, раманы, драмы, элегіі, песні... У Бібліі сабраны творы многіх формаў: гімны, прымаўкі, прадказанні, юрыдычныя дакументы, генеалогіі, хронікі, эпісталы (лісты).