Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Лістоўкі"

У калекцыю ўваходзяць неперыядычныя ліставыя выданні агітацыйна-прапагандысцкай і інфармацыйнай накіраванасці аб'ёмам ад 1 да 4 старонак без змацоўвання. Лістоўкі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея поўнасцю адпавядаюць дадзенай характырыстыцы. Калекцыя ўтрымлівае прадметы як з арыгінальнымі тэкстамі (заклік, зварот, заява і др.), так і лістоўкі, у якіх прыводзяць тэксты іншых дакументаў (заканадаўчых і нарматыўных актаў, рэзалюцый, аб'яў і інш.). Храналагічныя рамкі калекцыі ахопліваюць перыяд з канца ХІХ ст. і па сённяшні дзень.

Першым прадметам гэтай калекцыі стала лістоўка "Долой царя! Долой войну!" (1916 г.), выдадзеная Палескім камітэтам РСДРП(б). Прадметы ў калекцыю перадавалі Панюціч М.Н. (лістоўка Слуцкага ўезнага камітэта "Аказанне дапамогі насельніцтву Паволжа"), Прозар В.С. (лістоўкі за 1905-1924 гг.), Вераб’ёва Т.Г. (лістоўкі за 1941-1943 гг.), Скакун В.М. (лістоўкі ЦК КПБ за 1931 г.). Пэўная колькасць матэрыялаў была атрымана ад некаторых музеяў Беларусі і сумежных краін, а менавіта: Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна, Цэнтральнага музея ўзброеных сіл СССР, Музея рэвалюцыі і інш. Цікавасць уяўляюць лістоўкі перыяду 1917 г., Заходняй Беларусі з 1921 па 1939 гг.,  часоў Вялікай Айчыннай вайны.