Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Музычныя інструменты"

У калекцыі прадстаўлены амаль усе  групы музычных інструментаў: струнныя, духавыя, ударныя, клавішныя, а таксама электрамузычныя.  Асноўная частка збору сфарміравалася ў часе ад канца 1950-х да пачатку 1980-х гг. Разам з тым, частка найбольш старадаўніх і каштоўных народных інструментаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. – цымбалы, ліры, жалейкі – перайшлі ў спадчыну ад славутых Беларускага Дзяржаўнага Музея (1923–1944) і Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні (1919–1945). "Залаты" фонд калекцыі струнных смыкавых – творы геніяльных скрыпічных майстроў Заходняй Еўропы другой паловы XVIII – пачатку XIX ст., італьянцаў Джавані Паола Маджыні, Фердынанда Гальяна і прадстаўніка венскай школы Антона Ціра. Іх скрыпкі з музейнага збору створаны, адпаведна, ў 1596, 1760 гг. і ў канцы XVIII ст. У шэрагу найбольш каштоўных – скрыпкі выдатных рускіх савецкіх і беларускіх майстроў ХХ ст. Даброва, Ушакова, Крайко, Лазарэвіча, інструменты якіх адрозніваліся шляхетнасцю гука і элегантнасцю формаў. Сярод групы струнных смыкавых варта назваць і басэтлю, "народны кантрабас", інструмент, які сёння мала дзе захаваўся. Апроч рарытэтнасці яго вартасць яшчэ і ў тым , што ён зроблены ў ХІХ ст. таленавітым вясковым майстрам Сцяпанам Русаком, дзедам беларускага паэта і прафесійнага музыканта Адама Русака, аўтара верша  папулярнай ў Савецкім Саюзе песні "Бывайце здаровы, жывіце багата".

Да рарытэтных належаць гармонікі – распаўсюджаная ў свой час "Лівенка" першай чвэрці ХХ ст. і вельмі прэстыжная гармонь, вырабленая ў канцы ХІХ ст. на фабрыцы П. Размыслова ў Пецярбургу. Сярод дзевяці клавішных ударных раяль другой паловы ХІХ ст. фартэпіяннай фабрыкі Фотха – "I. Foth" – займае асобнае месца: інструмент выраблены майстрам К.С. Багіно ў Мінску, які ў ХІХ ст. лічыўся вельмі музычным горадам. У 1858 г. у Мінску было тры фартэпіянныя фабрыкі, фабрыка Фотха – старэйшая з іх. Адзін з найбольш старадаўніх прадметаў сваёй групы – фісгармонія 2-й паловы ХІХ ст.