Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Музейны збор

Збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – буйнейшы ў краіне. Ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў, размеркаваных па асобных калекцыях. 

Шэраг музейных прадметаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь з наданнем 1-й катэгорыі: скарб манет рымскай чаканкі (389 адзінак, І–ІІ стст. н.э.), камплект паясных блях (канец XІV – першая палова XV ст.); з наданнем 2-й катэгорыі: царскія вароты з іканастаса Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка (сярэдзіна XVIII стагоддзя), партрэт Ёзэфа Прозара, выкананы невядомым мастаком у 1766 годзе.

Да ліку рарытэтных музейных прадметаў і калекцый трэба аднесці слуцкія паясы, поцір XVI стагоддзя з Навагрудка, скарбы агульнай колькасцю 116, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі на працягу ХХ стагоддзя, кнігу К.Семяновіча "Высокае мастацтва артылерыі" (1730) і шмат іншага.

Штогод музейны збор папаўняецца 2–3 тысячамі адзінак новых паступленняў: гэта закупка, дарэнне, перадача ў музейны збор, матэрыялы, сабраныя падчас экспедыцый.