Нумізматыка – навука аб манетах, найстарэйшая са спецыяльных гістарычных дысцыплін. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусі выкарыстоўвае прадстаўнічую нумізматычную калекцыю для даследавання гісторыі краіны і грашовага абарачэння. Менавіта ў манеце, як масавай крыніцы, знайшлі свой адбітак падзеі эканамічнага і палітычнага, сацыяльнага жыцця краіны.
У калекцыю "Нумізматыка" ўваходзяць прадметы (манеты, боны, жэтоны) з невысакародных металаў. Прадметы нумізматыкі з каштоўных металаў захоўваюцца ў калекцыі "Каштоўныя металы і камяні". Пры камплектаванні калекцыі, з улікам спецыфікі музея, перавага аддаецца рэчам, тым ці іншым чынам звязаным з гісторыяй Беларусі, а таксама прыватным зборам.
Фарміраванне калекцыі пачалося ў 1957 г., было распачата арггрупай музея і працягваецца да сённяшняга часу. Значная частка манет, што захоўваюцца ў зборы, была перададзена ў 1960–1970-я гг. з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і некаторых абласных музеяў. Цікавая калекцыя была перададзена з Дзяржаўнага Эрмітажа. Многія манеты былі прывезены з экспедыцый музея. Ажыццяўляліся буйныя закупкі ў калекцыянераў: як мясцовых, так і з Вільні, Ленінграда.
Вельмі важкі ўплыў на фарміраванне калекцыі аказала праца такіх супрацоўнікаў музея як Л.Д.Клок, В.Н.Рабцэвіч. Іх прыватныя калекцыі, падараваныя музею, займаюць ганаровае месца ў зборы. Вялікім поспехам для музея стала набыццё калекцыі А.Сніткі.
Шмат цікавых манет перададзена ў музей у якасці канфіската сілавымі структурамі. Такім чынам у зборы апынулася велізарная калекцыя А.А.Мойчанкі; таксама больш за 1 тыс. адзінак было перададзена з Мазырскай мытні.
З пачаткам эмісійнай дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (1996) у музеі адбываецца камплектаванне калекцыі памятных манет Рэспублікі Беларусь.
Найбольш старажытныя манеты ў зборы музея – антычныя, у тым ліку манеты Аляксандра Македонскага; найбольш познія – манеты выпуску 2000-х гг.
У матэрыялах калекцыі знайшлі адлюстраванне розныя этапы грашовага звароту на тэрыторыі Беларусі і сумежных краін.
Асноўная частка калекцыі – манеты ХVIII–XX стст. Расійскай імперыі і краін Еўропы (Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Англіі і інш.). Іх можна падзяліць на групы:
Найбольш прадстаўнічая частка калекцыі – манеты Расійскай імперыі. Бурная эканамічная і палітычная гісторыя Расіі, шматлікія грашовыя рэформы і звязаныя з імі перачаканы ХVIII ст. пакінулі свой след у матэрыялах калекцыі: ад капеек Пятра I з літарным пазначэннем года выпуску да медных манет 1916 г.
Цікавасць уяўляюць манеты адмысловых выпускаў, якія чаканіліся Расійскай імперыяй для правінцый (манеты для Польшчы, Малдавіі і Валахіі, Грузіі, Фінляндыі, Сібірскія манеты). Незвычайнае афармленне, часта падвойны намінал прыцягваюць да іх увагу.
Польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1831 г. пакінула адбітак і ў нумізматыцы. Па рашэнні рэвалюцыйнага Нацыянальнага Урада Варшаўскі манетны двор распрацаваў і выпусціў манеты з гербам Рэчы Паспалітай. Больш за дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання кіраўніцтва Расійскай імперыі старанна выключала іх з ужытку.
Яшчэ адна веха гісторыі – Першая сусветная вайна. Пасля яе засталіся разбурэнні, голад … і жалезныя боны, эмітаваныя Германіяй для акупаваных тэрыторый Расійскай імперыі. Металічныя боны і аплатныя жэтоны – цікавы, але, на жаль, дагэтуль мала даследаваны матэрыял. Гэта і металічная бона Армавірскага аддзялення Дзяржаўнага банка, боны польскіх вайсковых частак, што паходзяць з тэрыторыі Заходняй Беларусі, бона гета г. Лодзь 1942 г.
Памятныя манеты прысвечаны знакамітым людзям, значным гістарычным падзеям, помнікам культуры і прыроды. Як правіла, яны адрозніваюцца высокай якасцю вырабу, дэкаратыўнасцю, арыгінальным афармленнем.
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выхадных
Каса працуе: 11.00 – 18.30
Уваход наведвальнікаў: 11.00 – 18.30
Для дарослых:
Агляд экспазіцыі – 10 бел.руб.
Экскурсія – 30 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання:
Агляд экспазіцыі – 8 бел.руб.
Экскурсія – 25 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ:
Агляд экспазіцыі – 5 бел.руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
Для пенсіянераў:
Агляд экспазіцыі – 5 бел. руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
вул. К. Маркса, 12, Мінск, 220030, Рэспубліка Беларусь
+375 17 3237665 (прыёмная)
+375 17 3748322
+375 17 3654827
histmuseum@histmuseum.by
Навукова-метадычны аддзел
office@histmuseum.by
Прыёмная музея