Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Пра музей

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь – адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі – гэта каля 400 тыс. адзінак захоўвання. У структуру Нацыянальнага гістарычнага музея таксама ўваходзяць 5 філіялаў – Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

Нацыянальны гістарычны музей на працягу сваёй гісторыі неаднаразова змяняў назву. Свой пачатак ён бярэ з Мінскага абласнога музея, заснаванага ў 1919 г. У 1923–1930 гг. музей называўся Беларускім дзяржаўным і з’яўляўся цэнтральнай музейнай установай БССР, у 1930-я гг. – Мінскім сацыяльна-гістарычным, у 1941–1944 гг. – Мінскім гістарычным. У 1957 г. установа была адноўлена пад назвай Беларускі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, а ў 1964 г. ён атрымаў назву – Дзяржаўны музей БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у 1992 г., музей быў у чарговы раз перайменаваны – у Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. У 2009 г. установа атрымала цяперашнюю назву.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь from histmuseumby on Vimeo.