Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Слуцкі пояс XVIII стагоддзя

Слуцкі пояс -  узор дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя.

1776–1780 гг. Слуцкая мануфактура (сучасная Мінская вобласць).

Метка з надпісам: IOANNES / MADZARSKI; ME FECIT / SLUCIÆ

Шоўк, залотная нітка; ткацтва.

Пояс быў перададзены ў музей у 1961 г. са збору Чарнігаўскага дзяржаўнага гістарычнага музея. Да 1888 г. належыў Васілю Тарноўскаму, аматару старажытнасцяў, памешчыку, уладальніку маёнтка Качанаўка на Чарнігаўшчыне.

Пояс на Беларусі меў вялікае дэкаратыўнае і функцыянальнае прызначэнне і таму багата аздабляўся. Першыя звесткі аб ужыванні мастацкі аздобленных тканых паясоў на Беларусі адносяцца да XIII стагоддзя.

Найбольшага росквіту ў вытворчасці шаўковых паясоў на Беларусі ў XVIII стагоддзі дасягнулі так званыя “слуцкія паясы”. Назва гэта паходзіць ад слуцкай шоўкаткацкай мануфактуры, дзе склалася пэўная мясцовая стылістыка шаўковага пояса з металічнымі ніцямі (срэбнымі і залотнымі) пад уплывам ткача ўсходняга паходжання Яна Маджарскага. Ен перанёс у Рэч Паспалітую ўсходнюю традыцыю вырабу шаўковых паясоў і навучыў свайму рамяству мясцовых ткачоў. Сярэднік упрыгожваўся папярочнымі палосамі з раслінным або геаметрычным арнаментам. Выявы на канцах паясаў выконваліся ў выглядзе стылізаваных букетаў кветак. Пояс упрыгожваўся махрамі, на аблямоўцы змяшчалі ткацкую марку з вытканым імем майстра (“Ян Маджарскі”, “Лео Маджарскі”) або месцам вытворчасці (“Слуцкъ”, “Въ грдъ Слуцкъ”).

Слуцкая мануфактура ўнесла каштоўны ўклад у еўрапейскае ткацкае мастацтва – выпрацавала свой тып пояса. Высокі тэхнічны і мастацкі ўзровень выканання садзейнічаў шырокаму распаўсюджванню менавіта гэтага тыпу пояса на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і далёка за яе межамі.