Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



ПЕРАКЛАДЫ БІБЛІІ І АСАБЛІВАСЦІ ВЫДАННЯ БІБЛІІ СКАРЫНЫ

Першыя пераклады Бібліі, напісанай на мове іўрыт, выкананы на грэчаскую і на лацінскую мовы. Гэта – Септуагінта (285 г. да н.э., горад Александрыя Егіпецкая, калектыў перакладчыкаў з 72 асобаў) і Вульгата (канец IV – пач. V ст. н.э., горад Віфлеем, Іеранім Страдонскі). У ІХ ст. падзвіжніцкай працай хрысціянскіх прапаведнікаў Кірыла і Мяфодзія ажыццявіўся пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую (старабалгарскую) мову. Да з’яўлення кнігадруку Біблія, часткова або поўнасцю, была перакладзена на 33 мовы. Яе пераклады – адна з найбольш значных з’яваў станаўлення і развіцця чалавечай цывілізацыі і галоўны інструмент фармавання сучасных моваў Еўропы.

“Кніга кніг” – першы буйны твор, які з’явіўся ў тэхніцы друку, high-tech эпохі Адраджэння (сярэдзіна XV ст., горад Майнц, Іаган Гутэнберг). Першымі поўнымі друкаванымі перакладамі на еўрапейскія мовы былі: нямецкі (1466), італьянскі (1471), два чэшскія (1488 і 1506 гг.). Біблія Скарыны стаіць чацвёртай у гэтым шэрагу (1517–1519). Наступнымі друкаванымі перакладамі былі: галандскі (1522), французскі (1530), англійскі (1535), шведскі (1541), дацкі (1550), іспанскі (1553), польскі (1561).

Геній Францыска Скарыны развіўся ў гуманістычным духу эпохі Рэнесансу. У канцы XV – пачатку XVI ст. ідэя зрабіць Біблію даступнай для ніжэйшых станаў грамадства лунала ў паветры. Праблемы перакладу яе на жывыя нацыянальныя мовы былі ў цэнтры дыскусій інтэлектуалаў ва ўсіх краінах Заходняй Еўропы.

Атрымаўшы адукацыю ў еўрапейскіх універсітэтах, абараніўшы доктарскія ступені па філасофіі і медыцыне, Скарына заняў месца сярод найадукаваных людзей свайго часу. Маючы прызнанне доктара ў лекарскіх навуках, ён на кароткі перыяд кардынальна змяніў кірунак дзейнасці, скіраваўшы свае сілы на працу перакладу і выдання кніг Бібліі. Месца і час яе выдання (Прага, 1517–1519) – зорная гадзіна яго жыцця. Пераклад выкананы ў поўным аб’ёме, аднак у друкаваных выпусках свет пабачыла толькі яго частка.

На сённяшні дзень скарынаўская Біблія ўяўляе сабой 23 кнігі Старога Запавету. Неардынарная асаблівасць яго Кнігі ў тым, што гэта не адзін тоўсты фаліянт, але серыйны выпуск асобных кніжак высокіх эрганамічных якасцяў. Яе ўнікальнасць – у гравюры з аўтапартрэтам, надрукаваным у двух розных выпусках гэтага выдання. Другога падобнага прыкладу за ўсю гісторыю выдавецкай справы не знойдзена.

Францыск Скарыны, адкрыты да ўсяго лепшага, што было створана ў той час у кніжным дызайне, упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі выкарыстаў новую схему арганізацыі тэксту. Ён увёў аркушавую нумарацыю, знакі прыпынку, тлумачальныя падзагалоўкі, іншыя навацыі для зручнасці чытання. Шрыфты яго кніг маюць самастойную мастацкую каштоўнасць. Мастацка-інфармацыйная канцэпцыя тытульных аркушаў, дзе адначасова прысутнічаюць гравюра, анатацыя да яе, назва кнігі і пачатак тэксту прадмовы, сугучна сучасным гіпертэкстам на камп’ютарных інтэрнэт-старонках.

Незвычайна свабодны ў сваёй творчасці, Скарына клапаціўся не пра вонкавую адпаведнасць канону, але пра зручнасць, паўнату і прыгажосць данясення слова Бібліі да чытачоў і слухачоў рознага сацыяльнага стану і рознай культурнай падрыхтаванасці. Ён усвядоміў, што росквіт краіны шмат у чым залежыць ад ступені маральнасці і асветы грамадства. Біблія беларускага асветніка адлюстравала яго грамадзянскія памкненні і літаратурныя таленты, дала яму магчымасць выказацца ў спадзяванні быць пачутым шырокім колам чытачоў/слухачоў, каб заахвоціць сваіх суайчыннікаў да чытання, паспрыяць развіццю іх духоўнага жыцця і фармаванню грамадзянскай свядомасці.

Падобна да творчасці кампазітара Іагана Себасц’яна Баха, забытай на доўгі час і зноў адкрытай у наступныя стагоддзі, кнігадрукі Францыска Скарыны, амаль забытыя і недаацэненыя наступнымі пакаленнямі, прыцягнулі ўвагу даследчыкаў толькі ў ХІХ ст. Цяпер можна сцвярджаць, што выхад у свет Бібліі Скарыны на пачатку XVI ст. – першы вялікі і дзёрзкі нацыянальна-культурны праект у гісторыі Беларусі.