Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Перыядычны друк"

У калекцыю "Перыядычны друк" уваходзяць выданні, якія выдаюцца праз пэўны прамежак часу, маюць пастаянны для кожнага года лік нумароў, якія не паўтараюцца па складзе, маюць тыповае афармленне, нумаруюцца і даціруюцца, маюць аднолькавую назву, і як правіла, аднолькавы аб'ем і фармат. Найбольш распаўсюджаннымі перыядычнымі выданнямі, прадстаўленымі ў калекцыі, з'яўляюцца часопісы і газеты. Храналагічныя рамкі калекцыі ахопліваюць перыяд з 1812 г. па сённяшні дзень. Цікавасць выклікаюць газеты "Русский инвалид или военные ведомости" (1823 г.), "Народное богатство" (1863 г.), "Минские епархиальные ведомости" (1870-1911 гг.), калекцыя сатырычных часопісаў 1905-1907 гг. і інш.

Першы прадмет, які паступіў у дадзеную калекцыю – падшыўка газет "Наш Вестник" 1915-1917 гг. Гэтая газета выходзіла пры штабе галоўнакамандуючага арміямі Заходняга Фронту і распаўсюджвалася бясплатна ў войску. Аснова гэтай калекцыі пачала фарміравацца ў 1957 г., дзякуючы плённай працы арггрупы музея.

Першыя матэрыялы па калекцыі былі атрыманы ад Панюціча М.Н. (газета і часопісы за 1915-1917 гг.), Прозара В.С. (перыядычныя выданні за 1905-1924 гг.), Фончанка В.В. (газета "Правда" 1912-1917 гг.). Свой плён далі і экспедыцыі арггрупы музея па розных раёнах Беларусі, якія праводзіліся з 1959 г. (Брэсцкая і Гомельская вобласці), у 1960-я і 1970-я гг. Вялікі комплекс матэрыялаў (газеты, часопісы) мае сваё паходжанне з Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні (перадаваліся праз Музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны ў 1960-я гг.). Узоры перыядычнага друку беларускага замежжа былі дасланы на працягу 1990-х гадоў з Вялікабрытаніі сп. Янкам Каўбасой. У калекцыі захоўваюцца перыядычныя выданні Расіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Германіі, Італіі, Індыі, Кітая і інш. краін свету.