Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Каталог выставы "Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля". Мінск, "Кнігазбор", 2018.

Каталог выставы “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”. Укл. Р. І. Крыцук, В. М. Сідаровіч, Л. І. Талкачова. Мн.: “Кнігазбор”, 2018. – 103 с. :іл.

Каталог “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля” прэзентуе экспанаты, прадстаўленыя ў межах аднайменнага выставачнага праекта, які стаў вынікам трывалага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з’яўляецца захавальнікам найвялікшай у Беларусі нумізматычнай калекцыі. У яго зборы налічваецца 126 дэпазітаў – ад жалезнага веку да ХХ ст. Гістарычны факультэт БДУ, у складзе якога дзейнічае Нумізматычны кабінет, дзякуючы нястомнай працы найвыбітнейшага беларускага нумізмата Валянціна Рабцэвіча доўгія гады з’яўляўся галоўным асяродкам развіцця нумізматыкі ў нашай краіне.

У экспазіцыі прадстаўлены 26 скарбаў са збору музея, шэраг нумізматычных помнікаў з калекцыі Нумізматычнага кабінета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у тым ліку ўнікальны Вішчынскі скарб.вялікую дапамогу дакументальнымі крыніцамі і рэчавымі помнікамі аказалі Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускае нумізматычнае таварыства.

Раздзелы каталога: “Перыяд рымскага дэнарыя”, “Перыяд арабскага дзірхама”, “Перыяд заходнееўрапейскага дэнарыя”, “Безманетны перыяд”, “Перыяд пражскага гроша”, “Грашовае абарачэнне з канца XV ст. да 1570-х гг.”, “Грашовае абарачэнне ў апошняй трэці XVI – канцы XVII ст.”, “Грашовае абарачэнне ў канцы XVIІ – XVIIІ ст.”, “Расійская імперыя”, “СССР і Польшча ў міжваенны час”.

Выданне ажыццёўлена пры фінансавай падтрымцы ААТ “Пріорбанк”.