Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Мясцовае насельніцтва"

  • 07.06.2017

7 чэрвеня 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Мясцовае насельніцтва”. (Фотаздымкі часоў Першай сусветнай вайны з прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава).

Драматычная гісторыя Беларусі непарыўна звязана з самымі жорсткімі і кровапралітнымі войнамі, што вяліся на тэрыторыі Еўропы. Не стала выключэннем і вайна 1914 – 1918 гадоў, якая закранула ўвесь свет і стала гуманітарнай катастрофай пачатку 20 стагоддзя. У Першай сусветнай вайне ўдзельнічалі 38 краін з усіх кантынентаў і з насельніцтвам больш за 1,5 мільярда чалавек.

Вайна – гэта не толькі пераможныя бітвы і заваёвы, гэта заўсёды смерць, голад, разруха, нястача… І гэта час самых драматычных выпрабаванняў для мірнага насельніцтва.

Па задуме аўтара праекта Уладзіміра Багданава, выстава прысвечана не столькі ваеннаму аспекту: на фотаздымках – мясцовае насельніцтва, сялянскі побыт, непаўторныя беларускія краявіды. Рэдкія чорна–белыя фотаздымкі, большасцi з якіх невядома, дапамагаюць глыбей асэнсаваць тагачасны лад жыцця беларусаў. З цягам часу яны набываюць не толькі гістарычную каштоўнасць, але і становяцца своеасаблівымі мастацкімі дакументамі падзей пачатку 20 стагоддзя.

Выстава “Мясцовае насельніцтва” – другі паказ калекцыі фотаздымкаў Уладзіміра Багданава ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе ім сумесна з музеем быў арганізаваны выставачны праект “Праз 90 гадоў і лінію фронта. Першая сусветная вайна на Беларусі”.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Тэл. 327 43 22