Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



«ДЖЭНТЛЬМЭН І ПЕВЕНЬ». Агучка нямой класікі.

  • 03.02.2017

Музей гісторыі беларускага кіно працягвае паказы класікі нямога беларускага кінематографа. 3 лютага а 19 гадзіне {instead} ensemble агучыць сатырычную камедыю Уладзіміра Балюзэка “Джэнтльмэн і певень”.

Стужка “Джэнтльмэн і певень” дайшла да нашых дзён не ў поўным выглядзе. Усяго ў ёй было 5 часцін, што значыла, 5 бабінаў, якія трэба было перазараджаць пад час сеанса. Час і гісторыя не былі літасцівымі з фільмам – ад яго захавалася менш за палову – толькі дзве часткі.

Дзеянне фільма адбываецца на мяжы, якая была ўстаноўленая Рыжскай мірнай дамовай ад 1921 года. Сітуацыя камічная і досыць рэалістычная – мяжа праходзіць па тэрыторыі маёнтка графа Вадзецкага, яго палац застаўся на савецкім баку. Сам ён жыве ў летнім доміку на баку Польшчы, дзе перакліканне пеўняў нагадвае яму пра тую раніцу, калі ў прамінуўшыя часы сяляне ўзбунтаваліся і ўварваліся ў ягоны палац.

{instead} ensemble – калектыў з Санкт–Пецярбурга, які працуе ў розных накірунках сучаснай музыкі. Быў заснаваны ў 2016 годзе.

Ансамбль арганізаваны ў фармаце варыятыўнасці выканальніцкага склада ў залежнасці ад ідэі канкрэтнага праекта. Тры асноўныя лініі, якія развіваюцца ў {instead} ensemble: пошук і выкананне новай музыкі; выкананне кампазіцый пераважна другой паловы ХХ стагоддзя (гістарычная лінія); практыка калектыўнай імправізацыі.

{instead} ensemble:

Аляксандра Караблёва, фартэп’яна

Елізавета Акбалькан, скрыпка

Нікалай Караблёў, гітара

Юры Акбалькан, электроніка

Кошт квітка – 5 руб.

Даведкі па тэл. (017) 327–10–75, (029) 627–10–75