Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"KINOPORT" у Музеі гісторыі беларускага кіно

  • 14.01.2017

Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile і Музей гісторыі беларускага кіно прадстаўляюць новы сумесны праект – KINOPORT.

Ён будзе прысвечаны выключна кароткаму метру. На працягу 2017 года, штомесячна, мінскі глядач зможа адправіцца ў новае невялікае падарожжа і «прышвартавацца» ў порце новай краіны – паглядзець праграму яе міжнародных кінафестываляў або падборку, спецыяльна створаную для KINOPORTа міжнароднымі адборшчыкамі фільмаў і праграмнымі каардынатарамі.

KINOPORT – гэта партал у культуру краін, адкуль будуць прыбываць да нас праграмы. Шанс адчуць тонкую ўзаемасувязь мясцовасці, горада і сучаснага кінематографа, які там ствараецца, яго стылістыку, тэмы і праблемы.

KINOPORT – гэта, у тым ліку, спроба разбурыць стэрэатыпы ў адносінах да кароткаметражнага кіно. На паказы варта прыйсці як мінімум, каб прачуць асаблівасці фестываляў і фестывальных праграм, чаму такое кіно лепш глядзець не дома на кампутары, а на вялікім экране, разам з іншымі кінаманамі. Па словах арганізатараў, большую частку фільмаў пакуль немагчыма знайсці ў інтэрнэце, так як гэта будуць работы, знятыя за апошнія пару гадоў.

У першую суботу кожнага месяца арганізатары будуць прадстаўляць новую праграму, распавядаць пра фестываль, які прадаставіў гэтую падборку, пра асаблівасці кароткага метра дадзенай краіны.

Паказы буду праходзіць кожную суботу абранага для паказаў месяца ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

Квіткі можна набыць у касе Музея. Цана – 4 руб. Але калі вы школьнікі, студэнты або пенсіянеры і прыходзьце на прагляд удваіх, каштаваць гэта вам будзе 4 руб. за два месцы!

Праграмы паказваюцца на арыгінальных мовах з рускімі або беларускімі субтытрамі.

За актуальнай інфармацыяй аб паказах можна сачыць у сацыяльных сетках:

Fb /kinoportminsk

Vk /kinoportminsk

#kinoport

Кантакты для сувязі:

Па пытаннях праекта: Лера Грын, каардынатар праекта, lera9reen@gmail.com

Па пытаннях раскладу і квіткоў: Музей гісторыі беларускага кіно, +375 (17) 327 10 75 / +375 (29) 627 10 75

Праграма на студзень 2017 г.

У студзені KINOPORT адкрые для вас свет фестывалю польскай анімацыі

O!PLA (www.polskaanimacja.pl). O! PLA – цалкам незалежны культурны праект, чацвёрты выпуск якога адбыўся ў 69–ці польскіх гарадах з сакавіка па май 2016 года.

KINOPORT пачнецца з прыемнага бонуса. O!PLA будзе прадстаўлена двума праграмамі:

1 – O!PLA ACROSS THE BORDERS # 4 /

O! PLA, ПЕРАСЯКАЮЧЫ МЯЖЫ # 4 (16+)

Праграма ўяўляе сабой шматаблічны зрэз сучаснай польскай анімацыі. У ёй сабраны фільмы з вялікім бюджэтам альбо створаныя прафесійнымі студыямі; цалкам незалежныя анімацыі; фільмы, створаныя ў школах, універсітэтах (дыпломныя працы); аніміраваныя музычныя відэа; «аніміраваныя эпіграмы» (экстра кароткія фільмы) і «Formanima / анімацыйная форма» (эксперыментальная і абстрактная анімацыя).

2 – 5 YEARS IN POLISH ANIMATED MUSIC VIDEOS (2011–2015) /

5 ГАДОЎ ПОЛЬСКАГА АНІМІРАВАНАГА МУЗЫЧНАГА ВІДЭА

(2011–2015)

Падборка пазнаёміць гледачоў з 22 аўтарамі, якія працуюць у розных тэхніках і якія стварылі аніміраваныя музычныя відэа для розных стыляў музыкі – як для польскіх выканаўцаў, так і для замежных.

Расклад паказаў KINOPORTa ў студзені:

Праграма O!PLA, ПЕРАСЯКАЮЧЫ МЯЖЫ # 4 (16+ / 97 мін)

14 студзеня – 18.00 (перад паказам арганізатары раскажуць пра фестываль O!PLA і кароткаметражную польскую анімацыю)

21 студзеня – 15.00

28 студзеня – 19.00

Праграма 5 ГАДОЎ ПОЛЬСКАГА АНІМІРАВАНАГА МУЗЫЧНАГА ВІДЭА (2011–2015) (16+ / 90 мін)

14 студзеня – 15.00 (перад паказам арганізатары раскажуць пра фестываль O!PLA і польскае анімаванае музычнае відэа)

21 студзеня – 18.00

28 студзеня – 15.00