Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Падаўжэнне выставы "Час нямых зорак. Ад чорна–белага да чырвонага"

  • 09.01.2017

Выстаўка "Час нямых зорак. Ад чорна–белага да чырвонага" ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працягвае час экспанавання па 19.02.2017 г.

Да пачатку ХХ стагоддзя на беларускіх землях дзейнічала больш за 50 прыватных кінатэатраў. Першапачаткова гледачам паказвалі дыяпазітывы, а ўжо потым – нямыя фільмы. У асноўным гэта былі хранікальна – дакументальныя, напрыклад, «Экскаватар – пякельная машына за Брэсцкім вакзалам», «Пажар у горадзе Мінску на Паліцэйскай вуліцы» і іншыя.

«Выстава расказвае пра перыяд нямога кіно, калі кінапракат толькі зараджаўся. Кінатэатры адкрывалі асобныя прадпрымальнікі, прычым у вялікіх гарадах разлічаны яны былі на публіку рознага дастатку, у кіно хадзілі ўсё. Нават цар Мікалай II наведваў кінатэатр ў Баранавічах. Папулярнымі былі фільмы французскай, дацкай, нямецкай, італьянскай вытворчасці, пазней – расійскай і амерыканскай», – распавядаюць куратары праекта Майя Кацнельсон і Надзея Кухарэнка.

Сярод экспанатаў выставы – кінаафішы, фатаграфіі кінатэатраў і культавых акцёраў, сапраўдныя карты і гістарычныя дакументы, газеты і часопісы з рэцэнзіямі і рэкламай фільмаў, кадры са здымак, прадметы побыту, касцюмы і аксэсуары пачатку XX стагоддзя.

Унікальныя экспанаты былі ўзятыя з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі беларускага кіно, Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва, Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, кінастудыі «Ленфільм», Нацыянальнай бібліятэкі Украіны і прыватных калекцый розных краін.

Асаблівую ўвагу на выставе надаецца сувязі Беларусі з сусветным кінематографам. У прыватнасці, цэлы блок прысвечаны выхадцам Беларусі, якія прыклалі сваю руку да стварэння Галівуду. Так, напрыклад, заснавальнік карпарацыі «Метро Голдвін Майер» – ураджэнец Мінска, які да эміграцыі насіў імя Лазар Мэір.

Падчас выставы ўсе жадаючыя змогуць на планшэтах паглядзець нямыя фільмы з удзелам Асты Нільсэн, Полы Нэгры, Веры Халоднай, Бастера Кітана, а таксама фільмы «Белдзяржкіно».

______________________________________________

Кантакты: Майя Кацнэльсан: +375293483868, yamayka_ok@mail.ru

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327 43 22