Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



АДРОДЖАНЫЯ СКАРБЫ

  • 27.12.2016

АДРОДЖАНЫЯ СКАРБЫ

Брылёўскі скарб быў выпадкова выяўленны ўвесну 2000 года ў васьмістах метрах на паўднёвы захад ад вёскі Брылі Барысаўскага раёна ў пойме Бярэзіны. Ён складаўся з арабскіх срэбных манет – дзірхемаў, гірак для ўзважвання срэбра, скручанай у два абароты срэбнай шыйнай грыўні і фрагментаў мяча тыпу Н паводле Яна Петарсана. Пасля правядзення навуковай апрацоўкі манетнай часткі скарбу доктарам гістарычных навук В.Н. Рабцэвічам было выяўлена, што старэйшая манета скарбу была адчаканена ў 125 г.х. (пав. мусульманскага летазлічэння), што адпавядае 742/743 году, а малодшая – у 227 г.х. (890/891 годзе). У выніку аналізу манетнай і рэчавай частак навукоўцы прыйшлі да высновы, што скарб быў захаваны прыкладна ў 890–892 гадах, а таксама ён непарыўна звязаны з гандлёвым шляхам “З вараг у грэкі” і з’яўляецца адным з найбольш ранніх сведчанняў функцыянавання яго “бярэзінскага” адцінка, што злучаў Верхняе Падняпроўе з Верхнім Падзвіннем.

У 2003 годзе скарб паступіў на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (у той час – Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі).

Вядома, што такія металы як жалеза і медзь з’яўляюцца вельмі капрызнымі для захавання і патрабуюць вельмі ўважлівага стаўлення. Негледзячы на прэвентыўныя захады па кансервацыі, якія былі праведзены перад перадачай прадметаў на пастаяннае захоўванне ў фонды музея, у хуткім часе стала зразумела, што працэс карозіі і разбурэння мяча і гірак працягваецца. Паўстала задача тэрміновага выратавання прадметаў ад знішчэння.

Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з рэспубліканскага бюджэта былі выдзелены сродкі на правядзенне кансервацыі 11 прадметаў са складу скарба.

Працы па ачыстцы, даследванні і кансервацыі былі праведзены ў рэстаўрацыйнай лабараторыі Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай акадэміі навук (г. Санкт–Пецярбург) пад кіраўніцтвам малодшага навуковага супрацоўніка М.С. Курганава. У даследванні таксама прымалі ўдзел К.С. Горлаў (Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры РАН), Дзяржаўны Эрмітаж (лабараторыя тэхніка–тэхналагічных даследванняў), Санкт–Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (Рэсурсны цэнтр “Аптычныя і лазерныя метады даследвання рэчыва”), ЗАТ “Навуковыя прыборы”.

Пасля трох месяцаў, праведзеных у лабараторыях навуковых устаноў горада Санкт–Пецярбурга, прадметы, закансерваваныя і падрыхтаваныя да экспанавання, акурат напярэданді Калядаў вярнуліся ў Мінск.

Мы хочам падзяліцца з вамі нашай радасцю і прадэманстраваць вынікі працы расійскіх калег.

Гэта праўдзівы калядны падарунак для нашага музея.

Меч у выніку карозіі распаўся на 10 фрагментаў. Гэта не дазваляе дакладна вызначыць яго першапачатковую даўжыню. На сённяшні дзень можна толькі сцвярджаць, што яна была не меншай за 75 см. Ступень захаванасці аднак дазваляе вызначыць яго прыналежнасць да тыпу Н паводле Яна Петарсана, а характар выяўленай на навершы і крыжавіне інкрустацыі аднесці да вырабаў франкскіх зброевых майстэрняў з сярэдняга Рэйна. На такіх клінках часта прысутнічала кляймо ULFBERT. Стан захаванасці брылёўскага мяча не дазваляў выявіць кляймо. Але падчас рэнтгенаграфічнага даследвання былі заўважаны размешчаныя упоперак ляза сляды стальнога дроту, што можна атаясаміць з рэшткамі кляймёных знакаў.

У складзе рэчавай часткі скарба мелася 10 гірак рознай вагі, з якіх 6 – бачонкападобнай формы, жалезных, абцягнутых плакіроўкай з меднага сплаву, і 4 – чатырнадцацігранных медных. Пасля выдалення вокіслаў шмат на якіх гірках удалося ракрыць знакі кратнасці ў выглядзе разнастайных кампазіцый з пунсонных кропак.

P.S. У хуткім часе ўсе прадметы вернуцца ў экспазіцыю, і можна будзе іх убачыць на ўласныя вочы. Запрашаем!

Спіс малюнкаў:

Мал.1. Меч да пачатку работ па пачыстцы і кансервацыі

Мал.2. Меч у працэсе даследвання ў лабараторыі Мікалая Курганава

Мал.3. Фрагменты біметалічнай інкрустацыі наверша і крыжавіны мяча пад мікраскопам

Мал. 4. Меч пасля ачысткі і кансервацыі

Мал.5. Гірка бачонкападобнай формы да і пасля ачысткі і кансервацыі

Мал.6. Гірка бачонкападобнай формы да і пасля ачысткі і кансервацыі

Мал. 7. Гірка чатырнадцаціграннай формы да і пасля ачысткі і кансервацыі