Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Адкрыццё абноўленай экспазіцыі "Дом-музей I з'езда РСДРП"

  • 05.11.2016

У Год культуры і напярэдадні святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі для наведвальнікаў расчыніць дзверы абноўленая экспазіцыя філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом–музей I з'езда РСДРП".

Экспазіцыя адкрытага ў 1923 годзе Дома–музея I з'езда РСДРП была прысвечана важнай падзеі ў гісторыі сацыял–дэмакратычнага руху. На працягу многіх гадоў Дом–музей з'яўляўся абавязковым аб'ектам наведвання афіцыйнымі дэлегацыямі, турыстычнымі групамі, працоўнымі калектывамі, студэнтамі, школьнікамі.

У лістападзе бягучага года адзін з найстарэйшых музеяў Беларусі адкрывае сваю абноўленую экспазіцыю, прымеркаваную да 100–годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і адрасаваную самай шырокай аўдыторыі.

У новай экспазіцыі пашыраны і глыбей раскрыты тэмы гісторыі з'езда і яго ўдзельнікаў, жандарскага вышуку, грамадска–палітычных рухаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, паўсядзённага жыцця губернскага Мінска, гісторыі стварэння і дзейнасці самога музея, які вядомы яшчэ і тым, што тут ў 1920–я гады жылі беларускія літаратары Янка Купала і Змітрок Бядуля.

Абноўленыя залы дапоўнены новымі прадметамі амаль з усіх фондавых калекцый музея. Унікальныя прадметы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь экспануюцца пры дапамозе сучаснага музейнага абсталявання, дызайну, асвятлення. Наведвальнікаў сустрэнуць гістарычныя рэканструкцыі фігур мінскага фатографа пачатку ХХ стагоддзя, чыгуначніка, жандара. Адноўлена мемарыяльная частка дома – інтэр'ер аднаго з пакояў у доме яго ўладальніцы Францішкі Ржэцкай. У экспазіцыі прадугледжана сістэма мабільнага аўдыё–гіда на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Абноўленая экспазіцыя, несумненна, будзе цікавая для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – школьнікаў, студэнтаў, дарослых.

Чакаем Вас на адной з самых знамянальных падзей Года культуры.

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

тэл. для даведак: 290–68–47

www.facebook.com/domusmuseum, www.vk.com/domusmuseum