Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Беларусы ў Войску Польскім"

  • 06.07.2016

6 ліпеня ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыцце выставы "Беларусы ў Войску Польскім 1939 – 1945 гг з прыватнага архіва Iгара Мельнікава ". Выстава арганізавана Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстава прысвечаная удзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў на розных франтах Другой Сусветнай вайны.

Значная колькасць беларусаў апынулася ў 79–м пяхотным палку імя Льва Сапегі, 80–м палку навагрудскіх стралкоў і 78–м пяхотным палку з Баранавічаў. Усе гэтыя полкі ўваходзілі ў склад 20–й дывізіі пяхоты Войска Польскага. Гэтую вайсковую адзінку ў польскіх колах неафіцыйна называлі «беларускай». У верасні 1939 года на лініі млаўскіх умацаванняў гэтая 20–я дывізія мужна змагалася з ворагам і да канца засталася вернай прысяге.

Гераічна змагаліся і байцы 84–га палескага пяхотнага палка ў бітве пад Мокрай. У складзе 2–га Гдынского батальёна марскіх пяхотнікаў нашы суайчыннікі ўдзельнічалі ў абароне паўвострава Хель.

Многія выхадцы Заходняй Беларусі ваявалі ў акружанай нацыстамі Варшаве. Да кастрычніка 1939 г. змагалася спецыяльная аператыўная група «Палессе» – зводнае воінскае фарміраванне пад камандаваннем генерала Францішка Клееберга, у складзе якога ваявала шмат праваслаўных «палешукоў».

Выстава прадстаўляе унікальныя фотаздымкі, дакументы і іншыя артэфакты з калекцыі беларускага гісторыка Iгара Мельнікава.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 43 22