Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Свет савецкіх салдацікаў"

  • 10.06.2016

З 10 чэрвеня 2016 года ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: "Дом–музей I з'езда РСДРП" будзе працаваць выстава "Свет савецкіх салдацікаў".

Кожны можа пахваліцца любімымі цацкамі дзяцінства. Напэўна, яны былі і не такімі маляўнічымі і разнастайнымі, якімі з’яўляюцца цацкі XXI стагоддзя, але яны былі такімі блізкімі да душы і такімі роднымі. Гэта цяпер мы можам гуляць у кампутарныя гульні, рознага віду стратэгіі, а тады гэтымі забаўкамі былі старыя добрыя салдацікі.

Салдацік заўсёды быў нечым большым, чым проста цацка для хлапчукоў. У любога мужчыны, незалежна ад узросту, з’яўляецца бляск у вачах, калі ён бачыць мініяцюру, што паўтарае знешні выгляд сярэднявечнага ваяра ў бліскучай кальчузе з занесеным над галавой мячом, ці з цяжкой баявой сякерай альбо ліха едцчага на кані гусара часоў Напалеонаўскіх войнаў, ці савецкага салдата, часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Безумоўна, салдацік – гэта цацка. Але якая дасканалая цацка! Хлапчукам салдацікі даюць бязмежны прастор для фантазіі і адначасова – магчымасць "разыгрываць" рэальнае жыццё, бітвы, вялікую гісторыю. А для дарослых салдацікі ўяўляюць эпоху, жыццё грамадства, узровень яго развіцця, побыт, культуру, звычкі.

На выставе будуць прадстаўлены розныя салдацікі, выпушчаныя ў СССР і ГДР (Германская Дэмакратычная Рэспубліка), а таксама унікальныя цацкі, зробленыя ўласныя рукамі ў адзіным экзэмпляры!

Дом–музей I з’езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31А

Тэл. для даведак : 290–68–47

www.facebook.com/domusmuseum, www.vk.com/domusmuseum