Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Часовая экспазіцыя "Жыровіцкая ікона - святыня Беларусі"

  • 23.01.2023
24 студзеня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае работу часовая экспазіцыя “Жыровіцкая ікона – святыня Беларусі”
Жыровіцкі абраз Маці Божай шануецца ў хрысціянстве як сімвал вылячэння і настаўленне на шлях праўдзівы. Многія вернікі атрымліваюць дапамогу праз цудатворную ікону.
“Маці Божая Жыровіцкая” ўваходзіць у склад 100 значных праваслаўных абразоў свету. Гэта ікона – самая маленькая з шануемых Багародзічных абразоў.
На выстаўцы прадстаўлена каля 70 абразоў Жыровіцкай Божай Маці з прыроднага італьянскага каменя (мармуру) ў розных тэхніках выканання. Натуральны камень, італьянскі мармур у спалучэнні з паўкаштоўным аніксам, стаў сапраўднай знаходкай ў вялікай разнастайнасці прыродных матэрыялаў.
Пры вырабе абразоў паверхня каменя, на якой выводзіцца іканаграфічны вобраз, не толькі не хаваецца, але і з’яўляецца галоўным элементам у стварэнні цэласнай, гарманічнай кампазіцыі. Кожная плямка, украпванне ў тэкстуры мармуру знаходзіць сваё месца ў вобразе, імкнецца раскрыць яго глыбіню і паўнату.
Разнастайнасць тэхнік робяць непаўторным адзін і той жа іканаграфічны звод, які дамінуе ў шматвяковай іканаграфіі. Кожны твор, хоць і з’яўляецца копіяй іконы, але перадае кананічны звод з уласцівымі адметнымі мастацкімі асаблівасцямі. Гэта дасягаецца з дапамогай аб’ёмна-рэльефных, камбінаваных, гравіраваных выяў у разнастайных каляровых рашэннях. Асаблівасці ўсіх абразоў у сукупнасці ўтвараюць арганічную мастацкую цэласнасць і непаўторнасць калекцыі.
Выставачны праект арганізаваны сумесна з ТАА “Рарытэтны камень Гліві”.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка
Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14
Без выхадных, з 11.00 да 19.00
Каса з 11.00 да 18.30
Тэл. для даведак (017) 243-74-03