Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Палескі альбом. Фатаграфіі Барыса Фёдаравіча Абаленскага"

  • 30.05.2022

3 чэрвеня а 15-й гадзіне ў Музеі Беларускага Палесся адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Палескі альбом. Фатаграфіі Барыса Фёдаравіча Абаленскага”, якая была створана і экспанавалася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у лютым–красавіку 2022 г.

Выстава прадстаўляе фатаграфічную спадчыну ўдзельніка Першай сусветнай вайны капітана лейб-гвардыі Праабражэнскага палка князя Барыса Фёдаравіча Абаленскага (1892–1948). Яго сямейны архіў налічвае больш за 500 фотаадбіткаў з 1910-х па 1960-я гады і зараз перахоўваецца ў прыватнай калекцыі краязнаўцы з Пінска Аляксандра Новарая. З 1921 г. і да канца жыцця Барыс Фёдаравіч разам з жонкай Марыяй (народжанай Данілеўскай, 1900–1946) і дачкой Таццянай (1924–2003) пражывалі ў маёнтку “Стары Двор”, які размяшчаўся непадалёк ад вёскі Лапацін, што на поўдзень ад Пінска.

На выставе змешчаны павялічаныя копіі фатаграфій перыяду 1924–1939 гг. з альбомаў, якія належалі сям’і Абаленскіх. На здымках вёска Лапацін і яе жыхары – простыя вяскоўцы за штодзённай працай і заможныя арыстакраты падчас адпачынку, калі ў Лапацін з’язджаліся шматлікія наведвальнікі і госці. На фота прыгожыя палескія краявіды – рака Стыр падчас вясенніх і восеньскіх разліваў, цэрквы вёсак Дабраслаўка, Каўбы, Радчыцк, знакамітае мястэчка Гарадная ў свята Троіцы, Пінск, у які па справах часта наведваліся Абаленскія.

Адным з нечаканых бонусаў з’явілася знаходка ў сямейным фотаархіве Абаленскіх пяці аўтарскіх фотаатбіткаў славутай фатографкі Палесся Соф’і Хамянтоўскай. Гісторыя іх з’яўлення і самі фотаадбіткі – на выставе “Палескі альбом”.

Выстава працуе з 3 чэрвеня па 3 ліпеня 2022 г. у Музеі Беларускага Палесся

па адрасе: г. Пінск, пл.Леніна, 22.