Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Абрадавыя святы. Вялікдзень"

  • 07.04.2022
7 красавіка 2022 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала працу выстава “Абрадавыя святы. Вялікдзень”.
Вялікдзень – галоўнае хрысціянскае свята. Дата Вялікадня ў кожны год разлічваецца паводле месяцава-сонечнага календара, што робіць Вялікдзень пераходным святам. Яму папярэднічае сямітыднёвы Вялікі пост, у канцы якога традыцыйна пачынаецца падрыхтоўка да свята. Велікодныя ўрачыстасці заўсёды адыгрывалі ролю ўсенароднага і агульнагарадскога свята. На Вербны тыдзень адкрываліся вербныя кірмашы, дзе можна было набыць пучкі вярбы і велікодныя падарункі: паштоўкі, цацкі, ўпрыгажэнні, тканіну, папяровыя кветкі, галантарэю.
У апошнія дні посту традыцыйна закуплялі прадукты да велікоднага стала, фарбавалі яйкі, рыхтавалі кулічы і пасху. Свята Вялікадня пачыналася ў ноч з суботы на нядзелю святочным велікодным набажэнствам.
У нядзелю пачыналася чарада абавязковых візітаў да сваякоў і сяброў. Падчас візітаў дарылі падарункі, сярод якіх, вядома ж, самымі папулярнымі былі велікодныя паштоўкі і яйкі.
На выставе “Абрадавыя святы. Вялікдзень” прадстаўлены ручны млын, пліта-печ, арэлі ручной працы, арыгінальны вазок-двуколка пачатку XX стагоддзя і іншыя прадметы, у тым ліку дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва, якія раскажуць пра велікодныя традыцыі.

Кожны наведвальнік выставы атрымае падарунак – велікодную паштоўку. 

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.
Выстава будзе працаваць з 7 красавіка па 5 чэрвеня 2022 г. 
Адрас музея: вул. К. Маркса, 12
тэл. (017) 365-48-27, 374-83-22