Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Палескі альбом"

  • 31.01.2022
Палескі альбом

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь працягвае пошук і паказ каштоўных фотаархіваў. Сённяшная выстава прадстаўляе фатаграфічную спадчыну ўдзельніка Першай сусветнай вайны капітана лейб-гвардыі Праабражэнскага палка князя Барыса Фёдаравіча Абаленскага (1892–1948). Яго сямейны архіў налічвае больш за 500 фотаадбіткаў з 1910-х па 1960-я гады і зараз перахоўваецца ў прыватнай калекцыі краязнаўцы з Пінска Аляксандра Новарая. Дзякуючы шчырай адкрытасці Аляксадра, музей атрымаў магчымасць датыкнуцца да гэтай надзвычай каштоўнай фатаграфічнай спадчыны, якая адкрыла для нас таямнічае Палессе, але з іншага, даволі нязвыклага боку. Традыцыйна на гэты рэгіён мы глядзелі вачыма знакамітых этнографаў – перш за ўсе Ісака Сербава, ці праз аб’ектыў творчых фатографаў – Яна Булгака, Соф’і Хамянтоўскай, Дзмітрыя Георгіеўскага, Юзафа Шыманчыка, Луізы Бойд. Зараз з’явілася ўнікальная магчымасць пабачыць гэты прыгожы край  праз сямейную фатаграфію з фотаальбомаў Абаленскіх-Данілеўскіх.

З 1921 г. і да канца жыцця Барыс Фёдаравіч разам з жонкай Марыяй (народжанай Данілеўскай, 1900–1946) і дачкой Таццянай (1924–2003) пражывалі ў маёнтку “Стары Двор”, які размяшчаўся непадалёк ад вёскі Лапацін, што на поўдзень ад Пінска.

На выставе змешчаны  павялічаныя копіі фатаграфій перыяду 1924–1939 гг. з альбомаў, якія належалі сям’і Абаленскіх. На здымках вёска Лапацін і яе жыхары – простыя вяскоўцы за штодзённай працай і заможныя арыстакраты падчас адпачынку, калі ў Лапацін з’язджаліся шматлікія  наведвальнікі і госці . На фота прыгожыя палескія краявіды – рака Стыр падчас вясенніх і восеньскіх разліваў, цэрквы вёсак Дабраслаўка, Каўбы, Радчыцк, знакамітае мястэчка Гарадная ў свята Троіцы, Пінск, у які па справах часта наведваліся Абаленскія.

Адным з нечаканых бонусаў з’явілася знаходка ў сямейным фотаархіве Абаленскіх пяці аўтарскіх фотаатбіткаў славутай фатографкі Палесся Соф’і Хамянтоўскай. Гісторыя іх з’яўлення і самі фотаадбіткі – на выставе “Палескі альбом”.

Выстава працуе з 31 студзеня па 24 сакавіка 2022 г. у Нацыянальным гістарычным музеі па адрасе: г.Мінск, вул. К.Маркса, 12, зала 9.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 1 лютага а 17-й гадзіне.

КОШТ КВІТКОЎ:

Для дарослых: 8 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання: 6 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ: 4 бел.руб.
Для пенсіянераў: 6 бел. руб.

Адрас музея: вул. Карла Маркса, 12