Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Матуліны колеры

  • 14.10.2021

14 кастрычніка 2021 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу фотавыстава «Матуліны колеры», якая дэманструе народныя строі усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Выстава прымеркавана да Дня маці.

 

Першае і самае прыгожае, што мы бачым – матуліны вочы. Потым матулі адкрываюць нам цэлы свет, натхняюць на лепшае, імкнуцца атуліць нас цяплом і пяшчотай свайго сэрца, а таксама  прыгажосцю рукатворнай.

 

Эстэтыка і каларыстыка народнога строю перадае ўяўленні пра гэтую прыгожасць ад нашых матуль цягам стагоддзяў.

 

«Матуліны колеры» – выстава пра цуд, створаны рукамі жанчын, які адлюстроўвае вытанчаны і тактоўны густ. Ткацтва – складаны тэхнічны і бязмежны творчы працэс. Спалучэнні колераў, іх адценняў, арнаментаў нараджаюць непаўторныя рэчы, утылітарнасць якіх адыходзіць на другі план, адкрываючы мастацкую, эстэтычную, гістарычную каштоўнасць.

 

На выставе прадстаўлены трынаццаць выяў беларускіх строяў. Вылучаны шэраг колераў, якія пазначаны з дапамогай самых папулярных колеравых мадэляў: RGBiCMYK, каб было зручней імі карыстацца ў лічбавай прасторы.

 

На выставе выкарыстаны фотаздымкі калекцыі «Беларускае народнае адзенне» са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Фатографы: Яўген Грабкін, Аляскандар Аляксееў, Алег Лукашэвіч.