Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Настольная гульня «Народныя святы». Купалле

  • 07.07.2021

У Беларусі святкуюцца народныя святы, якія захаваліся са старажытных часоў. Многія з іх суправаджаюцца непаўторнымі абрадамі, танцамі, песнямі, адмысловымі стравамі. Язычніцкія традыцыі 7 ліпеня спалучаюцца з хрысціянскімі – святкуецца Нараджэнне Іаана Прадцечы. А наогул народны каляндар – гэта своеасаблівы дзённік і сапраўдная энцыклапедыя жыцця нашых продкаў.

Адна з самых яскравых старадаўніх традыцый Беларусі – святкаванне Купалля.

Купалле (Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень) – старажытнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем. Характарызуецца комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Цэнтральнае месца займае купальскае вогнішча: агню надаецца магічны, ачышчальны сэнс. Раней святкавалася ў ноч на 24 чэрвеня, але сёння больш шырока адзначаецца 6–7 ліпеня.

Настольная гульня «Народныя святы» дапаможа даведацца больш пра традыцыйны каляндар, беларускія абрады.

Згуляць можна на выставачным праекце «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» пачынаючы з 9 ліпеня.

Ідэя гульні: Мірановіч Таццяна

Дызайн: Цыбульская Яўгенія