Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Жывапісная Беларусь у краявідах і вобразах»

  • 09.07.2021

9 ліпеня 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у 16.00 адбудзецца адкрыццё выставы Беларускага саюза мастакоў «Жывапісная Беларусь у краявідах і вобразах».

У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя работы 1950–1990-х гадоў з фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама работы сучасных аўтараў, зробленыя ў жанры архітэктурнага пейзажа і гарадскіх краявідаў. Глядач атрымае магчымасць паглыбіцца ў мінулае краіны, здзейсніць мастацкае падарожжа па беларускіх гарадах і мястэчках. Экспазіцыю дапоўняць вобразы знакамітых беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

Гарадскі пейзаж у творах беларускіх аўтараў адметны. Гэта не толькі мітусня і пробкі на дарогах, імклівы рух пешаходаў. Гарадскі пейзаж – гэта фантан у ціхім скверыку, лёгкі восеньскі дожджык у старым квартале, промні сонца, што заблыталіся ў лістоце, няспешныя гараджане, якія шпацыруюць па старой брукаванцы, рознакаляровыя дахі дамоў і разнастайнасць фасадаў. Гэта – размеранае цячэнне гарадскога часу. Настрой, атмасфера ранішніх вуліц, дажджлівых або заснежаных маставых, таямнічая цішыня і загадкавае святло ліхтароў, адлюстраванне агнёў рэкламы і святла фар ад бясконцага патоку машын на плошчах – усё гэта атрымоўваецца перадаць сучасным мастакам, якія пранікліся ідэяй гарадскога пейзажу.

Беларускія пейзажысты заўжды імкнуліся трактаваць вобраз прыроды як арганічную цэласнасць шматстайных праяў рэальнасці. Таму, выязджаючы на пленэр, яны часта ўводзяць у свае работы вобразы старых архітэктурных будынкаў, помнікаў, рамантычных руін. Так пейзажныя работы набываюць гістарычную канкрэтнасць, дух часу. Прырода становіцца ў творах манументальнай, сінкрэтычнай з гісторыяй і сучаснасцю.

У карцінах Віталя Цвіркі, Віктара Вярсоцкага, Аляксандра Мазалёва, Абрама Кроля, Анатоля Бараноўскага, Пятра Данэліі, Васіля Сумарава, Леаніда Дударанкі, Уладзіміра Тоўсціка, Уладзіміра Зінкевіча, Віктара Немцова, Міхаіла Чэпіка, Канстанціна Качана, Юрыя Піскуна і іншых мастакоў раскрываецца тэма жыцця малых гарадоў і мястэчак з тысячагадовай гісторыяй.

Аўтары прадстаўленых у экспазіцыі твораў валодаюць рэдкім каларыстычных дарам, беспамылковым адчуваннем кампазіцыі і малюнка, імкненнем «складаць» у сваіх карцінах паэтычны вобраз беларускай прыроды. Іх творчасць адзначана глыбока нацыянальным характарам.

Сюжэты карцін, на першы погляд, – простыя і немудрагелістыя: рэкі, дрэвы, палі, дамы і храмы. Аднак унутраным лейтматывам кожнага палатна з’яўляецца тэма вечнасці. Былое і сучаснасць не супрацьпастаўляюцца, не адасабляюцца адно ад аднаго, а жывуць у прасторава-часовым адзінстве. Пейзажы ствараюць панараму гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды. А жывапіс падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця, традыцыйнай архітэктуры і сціплай прыгажосці беларускай прыроды.