Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «ТЮГ – тэатр новага пакалення»

  • 05.04.2021

З 5 красавіка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка да 65-годдзя Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача «ТЮГ – тэатр новага пакалення».

Сёлета Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача адзначае падвоены юбілей - 90 гадоў з часу адкрыцця першага і 65 - з часу адкрыцця другога: гісторыю ТЮГа разарвала Другая сусветная вайна. Да гэтых святочных дат калектыў тэатра пры падтрымцы Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры прапануе выстаўку «ТЮГ – тэатр новага пакалення».

Першы Тэатр юнага гледача быў створаны ў Мінску ў 1931 г. энтузіястам тэатральнай справы Мікалаем Кавязіным. У 1937 г. тэатр узначаліў знакаміты рэжысёр і педагог Еўсцігней Міровіч. Малады калектыў увайшоў у шэраг лепшых тэатраў краіны, якія паказвалі свае спектаклі на Усесаюзным аглядзе тэатраў для дзяцей у Маскве. Вялікая Айчынная вайна спыніла работу тэатра і раскідала калектыў.

У 1949 г. пра неабходнасць аднаўлення ТЮГа нагадала пісьменніца, дзеяч культуры Зінаіда Бандарына, выступіўшы ў газеце «Літаратура і мастацтва» з артыкулам «Тэатральнае мастацтва дзецям». 22 верасня 1955 г. быў падпісаны загад Міністра культуры БССР Р.Я.Кісялёва аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Уладзімір Стэльмах быў прызначаны дырэктарам тэатра. Натхняльнікам і галоўным рэжысёрам стала Любоў Мазалеўская.

Урачыстае адкрыццё адбылося 8 красавіка 1956 г. урыўкамі са спектакляў «Горад майстроў» Т. Кабэ, «Каханне Ані Бярозка» У. Пістоленка і інсцэніроўкай рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь».

3 1956 па 2015 гг. у тэатры было пастаўлена больш за трыста спектакляў. За апошнія пяць гадоў адметнай з’явай айчыннага тэатральнага мастацтва сталі спектаклі для дзяцей і моладзі «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Караткевіча, «Не па сваёй ахвоце лекар» Мальера, «3 нагоды мёртвых душ» А. Жвалеўскага, Я. Пастэрнака і А. Баркара, «Муха-цакатуха» К. Чукоўскага, «Казкі дзядзькі Якуба» Я. Коласа, а таксама цыкл спектакляў па творах беларускіх пісьменнікаў «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі».

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі, ладзіць дабрачынныя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку і папулярызацыю дзіцячай і моладзевай творчасці, нацыянальнай культуры.

На выстаўцы прадстаўлены тэатральны рэквізіт са спектакляў розных гадоў, сцэнічныя касцюмы, а таксама вялікі архіў друкаваных матэрыялаў (праграмкі, афішы мінулых і сучасных спектакляў).

г. Мінск, зав. Музычны, 5

з 10:00 да 17:30

Выхадны – нядзеля

тэл. 326-26-67

theatre.histmuseum.by