Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выставачны праект "Беларусь і беларусы"

  • 03.12.2015

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе перасоўны выставачны праект "Беларусь і беларусы".

Выстава – першы перасоўны праект, які спрабуе дасціпнай мовай распавесці аб асноўных этапах гістарычнага развіцця Беларусі, даць кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадставіць беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапаможа зразумець што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Беларусь – суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі гісторыі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх. Самым важкім багаццем краіны з’яўляюцца людзі. Беларусы – працавітая і разважлівая нацыя, з пачуццём свабоды і бязмежнай творчасцю. Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю, шчырай душой і міралюбівым характарам.

Выстава "Беларусь і беларусы" складаецца з мабільных канструкцый, на якіх размешчаны высокаякасныя тэматычныя выявы, фотаздымкі прадметаў, дакументаў, невялікія тлумачальныя тэксты на беларускай і англійскай мовах. Змест падзяляецца на два тэматычныя комплексы, адзін з іх прысвечаны гісторыі Беларусі, другі – культурным здабыткам. Падаецца кароткі гістарычны агляд, які закранае асноўныя этапы (старажытнасць, першыя дзяржаўныя ўтварэнні, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Расійская імперыя, Савецкая Беларусь, сучаснасць), раскрываюцца асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці беларусаў.

Выстаўка разлічана на прэзентацыю гісторыі і культуры Беларусі за мяжой.

Арганізатар:

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Тэхнічная рэалізацыя:

Цэнтр фатаграфіі

Навуковая кансультацыя:

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі