Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Жанчына на памежжы дзвюх эпох. Эвалюцыя вобраза і ролі жанчыны на тэрыторыі Беларусі з канца ХІХ па першую чвэрць ХХ стагоддзяў»

  • 10.03.2021

10 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава «Жанчына на памежжы дзвюх эпох. Эвалюцыя вобраза і ролі жанчыны на тэрыторыі Беларусі з канца ХІХ па першую чвэрць ХХ стагоддзяў». Выстава прымеркавана да свята 8 Сакавіка і заклікана нагадаць пра яго вытокі і прадэманстраваць эпахальную трансфармацыю жанчыны на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў.

Штогод у шэрагу краін, сярод якіх знаходзіцца і Беларусь, 8 сакавіка адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Ён з’явіўся ў пачатку ХХ стагоддзя як дзень жаночай салідарнасці ў барацьбе за роўныя правы і эмансіпацыю. ХХ стагоддзе працягнула распачатую барацьбу жанчын за грамадзянскія і палітычныя правы. Беларускія жанчыны не сталі выключэннем з агульнасусветнага працэсу.

У гэты час адбываецца карэннае змяненне іх месца і ролі ў грамадстве. Жанчына ХХ стагоддзя стала весці больш актыўны лад жыцця: працаваць і імкнуцца да незалежнасці, займацца спортам, шукаць свой голас у мастацтве. Жанчыны імкнуліся праявіць сябе ў культуры і навуцы, грамадскай дзейнасці і палітыцы. Разам з гэтым змены зведала і жаночае аблічча: шмат жанчын пазбаўляліся ад доўгіх валасоў на карысць кароткіх стрыжак і сталі выбіраць зручныя фасоны адзення, што вызначыла модныя тэндэнцыі.

На выставе адлюстраваны асобы і лёсы як знакамітых дзяячак, якія пакінулі важны след у беларускай гісторыі (сярод якіх Алаіза Пашкевіч, Паўліна Мядзёлка, Соф’я Шамардзіна і іншыя), так і малавядомых прадстаўніц сваёй эпохі.

Пра тое, як пачыналася эпоха жанчын наведвальніцам і наведвальнікам выставы распавядуць фатаграфіі, дакументы і графічныя работы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.