Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава «Экспедыцыя працягласцю ў жыццё»

  • 13.01.2020

З 13 студзеня 2020 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць фотавыстава «Экспедыцыя працягласцю ў жыццё», прысвечаная памяці археолага і нумізмата Аляксандра Мікалаевіча Плавінскага (1952-2019).

Фотавыстава “Экспедыцыя працягласцю ў жыццё” працягвае сваю працу! Хто не паспеў наведаць выставу можа зрабіць гэта да 26 лютага!

Таксама, каб больш поўна пагрузіцца ў жыццевы і навуковы шлях А.М. Плавінскага, раім глянуць фільм, прысвечаны яго памяці.

На выставе будуць экспанавацца фотаздымкі, звязаныя з жыццёвым і навуковым шляхам даследчыка. Аляксандр Мікалаевіч Плавінскі ўсё жыццё займаўся навукай. Да 2017 года ён кіраваў ці прымаў удзел у раскопках гарадоў Мінска, Рагачова, гарадзішча Вішчын, археалагічных помнікаў каля вёскі Кавальцы. Асноўная навуковая дзейнасць была скіравана на даследаванне пахавальных помнікаў (курганоў) на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Міншчыне: сумесна з Валянцінам Навумавічам Рабцэвічам праводзіў раскопкі курганных могільнікаў Ветачка, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Цагельня, Юдзічы Гомельскай вобласці, Гаравец, Навасёлкі, Нагаўкі, Наўры, Мілты, Таўкачэвічы 1-я, Харчычы Мінскай вобласці, Ахрэмаўцы, Опса, Укля Віцебскай вобласці.

У 2017 годзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Мікалаевіча каля вёскі Наўры Мядзельскага раёна Мінскай вобласці былі выяўленыя бескурганныя пахаванні паводле абраду крэмацыі. Дадзены тып пахаванняў на тэрыторыі рассялення крывічоў быў знойдзены ўпершыню.

Аляксандр Мікалаевіч акрамя палявой працы займаўся даследаваннямі раннекругавой керамікі, а таксама з’яўляўся адным з нешматлікіх археолагаў, якія на практыцы займаліся кансервацыяй і рэстаўрацыяй археалагічных артэфактаў.

З 1975 года Аляксандр Мікалаевіч Плавінскі звязаў сваё жыццё з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1987–1993 гадах з’яўляўся дырэктарам музея гісторыі ўніверсітэта, у 1993–2001 гадах быў загадчыкам вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ.

Аляксандр Мікалаевіч – пачынальнік “археалагічнай дынастыі” – зараз айчыннай археалогіяй працягваюць займацца два яго сыны: Мікалай і Уладзімір.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Тэл. 327 48 22, 327 43 22