Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “ХРАНАТОП_2.1... Прастора/час 2.1.”

  • 05.12.2019

З 5 снежня 2019 г. у галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава мастака–пастаноўшчыка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Іллі Падкапаева “ХРАНАТОП_2.1... Прастора/час 2.1.”.

У аснову канцэпцыі выставы пакладзены разважанні і назіранні мастака на тэму прасторы/часу чалавека ХХ – пачатку XXI ст. Рознасць тэхнік, манер і матэрыялаў маюць для аўтара вызначальнае значэнне. Так, у халодны, шэра–сталёвы каларыт мастак укладвае вобразы вайны і бязлітаснасці часу. Чырвоны з'яўляецца адначасова біпалярным сімвалам нараджэння і смерці. Блакітны і сіні становяцца колерамі міру і надзеі.

Ідэю ўвасаблення вобразаў аўтар выбудоўвае на аснове быцця чалавека, яго існавання і канфлікту паміж “Я цяпер” і “Я пасля”. Агульным ў вырашэнні прасторы фармату становіцца яго ўнутраны/знешні канфлікт – яго аналіз і рэпрэзентацыя. У экспазіцыі будуць прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы, зробленыя за апошнія некалькі гадоў.

Падкапаеў Ілля Мікалаевіч нарадзіўся 14 лістапада 1990 г. У 2010 г. скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “дызайн”, у 2015 г. – Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “дызайн прадметна–прасторавага асяроддзя”. У гады вучобы ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у стварэнні “Канцэпцыі брэндзіравання Віцебскага рэгіёну сродкамі дызайну” (праект ўладкавання Парка тысячагоддзя “Line” у г. Віцебску). У 2019 г. скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

З 2018 г. працуе ў трупе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра мастаком–пастаноўшчыкам. Удзельнічаў у больш чым 10 пастаноўках, у тым ліку балетах “Сем смяротных грахоў”, “Шчаўкунок”, “Дзюймовачка”, “Спячая прыгажуня” і іншых. Сябра Беларускага саюза дызайнераў.

У сферу навуковых інтарэсаў уваходзяць структура і семантыка тэатральнай прасторы, хранатоп музычнага спектакля, семіётыка і філасофія прасторы–часу тэатральнага твора.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл.: (017) 327–43–22