Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя вынікаў археалагічных даследаванняў 2019 года “Археалагічнае лета з музеем”

  • 14.11.2019

Адкапаем Беларусь Разам!

14 лістапада 2019 года а 18–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе прэзентацыя вынікаў археалагічных даследаванняў 2019 года “Археалагічнае лета з музеем”.

У гэтым палявым сезоне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А. Дз. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, а таксама Цэнтрам рэгіянальнага развіцця “Браслаў” праводзіў маштабныя археалагічныя даследаванні ў Мядзельскім і Маладзечанскім раёнах Мінскай вобласці, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці і Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці.

Унікальнасць археалагічных экспедыцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь заключаецца ў тым, што яны сталі магчымымі дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву дзяржаўных устаноў і недзяржаўных арганізацый, матэрыяльнай падтрымцы шматлікіх спонсараў і ўдзелу сотняў добраахвотнікаў. На працягу лета і пачатку восені нашыя валанцёры паўдзельнічалі ў раскопках могільнікаў крывічоў у Мядзельскім і Браслаўскім раёнах, у вывучэнні кляштара бернардзінцаў у Будславе і ўніяцкага Браслаўскага манастыра на аднайменным востраве, у даследаваннях на месцы знаходак двух скарбаў раннелітоўскіх манет XIV і XV стст. на Маладзечаншчыне і Шчучыншчыне.

Экспедыцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі навуковыя даследаванні, але і валанцёрскія летнікі, якія збіраюць шмат аматараў айчыннай гісторыі і з’яўляюцца своеасаблівымі археалагічнымі музейнымі лабараторыямі, якія дазваляюць пашырыць навуковую і навукова–асветніцкую працу музея далёка па–за яго межамі.

Падчас прэзентацыі будуць агучаныя асноўныя вынікі раскопак 2019 года, а таксама адбудзецца ўручэнне ганаровых грамат і сертыфікатаў усім спонсарам і валанцёрам экспедыцый. Удзельнікі мерапрыемства таксама змогуць азнаёміцца з фотавыставай “Навука з рыдлёўкай і ўсмешкай на твары”.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Тэл.: 327–43–22