Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Запрашэнне на баль» ад Аляксандра Васільева

  • 03.03.2019

З 3 сакавіка па 30 мая 2019 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць выстава «Запрашэнне на баль» з найбуйнейшай у свеце калекцыі касцюмаў вядомага гісторыка моды, мастацтвазнаўца, калекцыянера, тэатральнага мастака, тэлевядучага праграмы «Модны прысуд» Аляксандра Васільева.

Маэстра Аляксандр Васільеў запрашае акунуцца ў атмасферу свята – выстава прысвечана бальным сукенкам і ўборам урачыстых цырымоній, характэрных для перыяду з 1915 па 2015 г. Наведвальнікаў чакаюць больш за 100 эфектных вобразаў і некалькі сотняў разнастайных аксесуараў, ювелірных вырабаў і майстэрскай біжутэрыі, створаных вялікімі куцюр'е і дамамі мод.

На выставе будуць прадстаўлены работы найбуйнейшых дамоў моды мінулага і сучаснасці – Worth, Christian Dior, Chanel, Lanvin, Nina Ricci, Balenciaga, Maggy Rouff, Balmain, Givenchy, Yves Saint Laurent, Jean Louis Scherer, Valentino, Oleg Cassini, Oskar de la Renta і іншых.

Наведвальнікаў чакае падарожжа ў свет бальных і вячэрніх убораў розных эпох: ад чароўных, мігатлівых у аблоках вышытага цюлю сукенак часоў Першай сусветнай вайны да бліскучых вобразаў 1920–х гг. з бісернай апрацоўкай у стылі «чарльстон»... Ад элегантных сукенак з крэп–саціну 1930–х гг. для танцаў пад запальны факстрот да строгіх касцюмаў з падкладнымі плечыкамі 1940–х. Пасляваеннае дзесяцігоддзе прадстаўлена шыкоўнымі жаноцкімі глыбока дэкальтаванымі вобразамі ў стылі New Look для рамантычнага вальса, а новая мода 1960–х гг. – прамымі футурыстычнымі сукенкамі для твіста.

Змены, прыўнесеныя бунтарскімі 1970–мі, адзначаны эпатажнымі ўборамі ў рытме «дыска» з парчы і бліскавак, а буржуазныя 1980–я ўводзяць моду на аб'ёмныя плечы і здзіўляюць яркімі і нетрывіяльнымі сукенкамі ў стылі рок–зорак таго часу.

Больш стрыманыя 1990–я увялі ў моду стыль «гранж» і мінімалізм, а XXI стагоддзе абрынулася хваляй бляску, люкса і максімалізму пачатку 2000–х. У нашы дні зоркі кіно, музыкі і героі свецкіх хронік прыкметна ўплываюць на развіццё моды на сукенкі, якія будуць прадстаўлены працамі цікавых сучасных творцаў.

Выстава будзе цікавая шырокай аўдыторыі без абмежавання па ўзросту (0+).

Месца правядзення: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12).

Час працы музея: з 11.00 да 19.00, каса да 18.30. Штодня.

Тэлефоны музея: +375 17 327 43 22, +375 17 327 48 27.

Кошт квітка: дарослы – 10 р., школьнікі, пенсіянеры – 7 р., дзеці да 6 гадоў і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – бясплатна.

Тэлефон для папярэдняга заказу экскурсіі: +375 17 327 43 22