Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Фантастычная «Масоніка»

  • 21.09.2018

21 верасня а 17:00 у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Фантастычная «Масоніка». На выстаўцы будуць прадстаўлены абстрактныя карціны–мадэлі Ніны Кавальчук (Масква) і ювелірныя вырабы Андрэя Сазонава (Санкт–Пецярбург).

На стварэнне калекцыі аксесуараў з масонскай сімволікай Андрэя Сазонава натхніла гісторыя будынка Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. У некаторых матэрыялах аб мінулым горада будынак па завулку Музычным, 5 згадваецца як Дом масонаў. Па матывах работ Андрэя Сазонава Ніна Кавальчук стварыла сваю калекцыю абстрактных карцін–мадэляў. Гэта не першы сумесны праект мастакоў – у 2017 годзе ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры з поспехам прайшла сумесная выстаўка Ніны Кавальчук, Андрэя Сазонава і Іскандэра Ільязава «Высокая мода і карціны».

Ніна Кавальчук – член Саюза мастакоў Расіі, Саюза абстракцыяністаў Расіі, Саюза мастакоў народнага мастацтва, член Міжнароднай федэрацыі мастакоў–графікаў расійскага аддзялення ЮНЕСКА, акадэмік – дзейсны член Акадэміі народнага мастацтва Расіі. Удзельніца каля 40 калектыўных выставак у Маскве, узнагароджана дыпломамі і падзячнымі граматамі за арганізацыю і ўдзел у выстаўках, у тым ліку на знакамітай Малой Грузінскай.

Значныя персанальныя выстаўкі мастачкі праходзілі ў Хамераўскім цэнтры (Цэнтр міжнароднага гандлю на Чырвонай Прэсні, Масква), у Англіі (Кембрыдж), Жэневе (прыватная галерэя «Schtuk»), Музеі «Садовае кальцо» (Масква), Музеі Сярэбранага веку (Масква).

Андрэй Сазонаў – мастак па метале. Работы Андрэя Сазонава былі прадстаўлены на шматлікіх выстаўках у Расіі: Пецярбург, Масква, Смаленск, Кастрама, Яраслаўль, Рыбінск і інш. Першая выстаўка аб'ектаў з металалому аўтарства Андрэя Сазонава прайшла ў 2004 годзе ў Дзяржаўным музеі гарадской скульптуры ў Пецярбургу. Самая маштабная выстаўка адбылася ў 2011–2012 гадах у Політэхнічным музеі ў Маскве.

Сумесна з сынам Мікітам былі створаны два аб'екты ў Садзе скульптуры ў гістарычнай частцы Пецярбургскага універсітэта на Васільеўскім востраве. У 2010 годзе – вежа энеаліту (вавілонская вежа тэхнагеннай эпохі) – складанае інжынернае збудаванне вагой 5 тон і вышынёй 7 метраў. У 2009 годзе – аб'ект «Бранявік “Тарас Бульба, за Гогаля!”» (з серыі «За класікаў!»). Таксама сумесна ў розныя гады былі створаны інтэр'еры прыватных і грамадскіх памяшканняў з выкарыстаннем металалому і другасных матэрыялаў – мастацкія распрацоўкі, якія не маюць тэхналагічных і вобразных аналагаў.

У наведвальнікаў музея будзе ўнікальная магчымасць ацаніць работы Ніны Кавальчук і Андрэя Сазонава ў дынаміцы: падчас адкрыцця выстаўкі адбудзецца дэфіле.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67

theatre–museum.by

#dommasonay