Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Унікальны аўтарскі праект віртуальнай рэальнасці "VKL3D"

  • 29.08.2017

Кампанія Samsung з ініцыятывы і ў падрымку энтузіяста Ахрэма Белабровіка, а таксама ў партнёрстве з Нацыянальным гістарычным музеем прадставіла ўнікальны аўтарскі праект VKL3D. Дзякуючы тэхналогіі віртуальнай рэальнасці (Samsung Gear VR), упершыню наведвальнікі экспазіцыі гістарычнага музея атрымаюць магчымасць убачыць па–мастацку адноўленыя замкі Беларусі – Крэўскі і Гальшанскі – і адчуць “эфект прысутнасці” ў час іх росквіту (прыкладна 15–17 стагоддзе).

“Падзея не магла б ажыццявіцца без шчырага водгуку, высакароднай пазіцыі і актыўнага спрыяння з боку кампаніі Samsung, супрацоўнікі якой істотна дапамаглі ў рэалізацыі такой патрэбнай справы – адраджэнні часткі нашай культуры з дапамогай найноўшых сучасных тэхналогій, распрацаваных кампаніяй. Адкрытасць Нацыянальнага гістарычнага музея новым ідэям, імкненне да пошуку арыгінальных і прагрэсіўных спосабаў дэманстрацыі гістарычных каштоўнасцяў, далі магчымасць прэзентаваць шырокаму колу ўнікальны метад адлюстравання старонак нашай гісторыі праз перадавыя тэхналогіі. Дзякуючы такому плённаму трохбаковаму супрацоўніцтву, мы і маем гонар прадставіць новы ўзровень падачы матэрыялу”, – адзначыў аўтар.

Праект VKL3D быў пачаты Ахрэмам Белабровікам некалькі гадоў таму. Ён бачыць сваю місію ў захаванні гістарычнай памяці ў яе факталагічнай, канцэптуальнай і візуальнай карэктнасці. Галоўная мэта праекта – адрадзіць веліч і дух “залатой эпохі” нашай гісторыі праз яе архітэктуру.

Па словах аўтара праекта, шмат часу пайшло на пошук спецыялістаў па гісторыі архітэктуры, гатовых бескарысліва ахвяраваць сваім часам, апрацоўку інфармацыі, падбор кампанентаў рабочых станцый і прыцірку праграмнага забеспячэння. Усё дзеля таго, каб у 2014 г. пабачыў свет Крэўскі замак, і, нарэшце, скончана карпатлівая праца над Гальшанскім.

З дапамогай прылад і тэхналогіі Samsung Gear VR з'явілася магчымасць не толькі 360°–агляду Крэўскага замка, але і большага “эфекту прысутнасці” пры праглядзе Гальшанскага замка.

У працы па 3D рэканструкцыі за аснову бяруцца старыя выявы, архіўныя тэксты, навуковыя публікацыі, дадзеныя раскопак – усяго гэтага часта недастаткова для ўзнаўлення поўнай карціны з усімі дэталямі. Выхадам з’яўляецца абгрунтаванае выкарыстанне аналагаў, якіх багата ў еўрапейскай архітэктуры, прадыктаванае звычайнай логікай, і мастацкім густам дзеля стварэння завершанага вобразу. Таму гэты мастацкі праект лепш акрэсліваць як навукова–папулярны.

“З тэхналагічнага пункту гледжання, традыцыйна сцэны з замкамі адбудоўваюцца ў некалькіх трохмерных праграмах і пралічваюцца (візуалізуюцца) на некалькіх камп’ютарах. Зараз з засваеннем тэхналогіяў віртуальнай рэальнасці шмат што прыходзіцца вывучаць дадаткова, у некаторых выпадках – нават дыяметральна супрацьлеглае папярэднім ведам і навыкам. А з–за таго, што тэхналогія дастаткова новая, на яе даволі мала інструкцый і навучальных матэрыялаў – даводзіцца перыядычна вучыцца “метадам спроб і памылак”. Але, як кажуць, усё яшчэ наперадзе: спярша дапрацаваць сайт праекта vkl3d.com, які страціў тэхналагічную актуальнасць з–за рэзкага састарэння тэхналогіі Flash.

У творчых планах – аднаўленне замка “Белы Ковель”, для якога зараз збіраецца інфармацыя. Зразумела, вітаецца і чакаецца дапамога ў гэтым плане ад экспертаў і зацікаўленых.

У рамках тэхналагічнага развіцця вядзецца праца па пераходзе на іншую платформу, якая дасць магчымасць дынамічнага прадстаўлення, а ў бліжэйшай будучыні – інтэрактыўнага ўдзелу гледача”, – распавёў у час прэзентацыі аўтар VKL3D.

Па словах кiраўнiка прадстаўніцтва Samsung у Беларусі Аляксея Голуба: “Мы з вялікім задавальненнем вырашылі тэхнічна падтрымаць праект спадара Белабаровіка. Кампанія Samsung заўсёды знаходзіцца ў авангардзе сучасных і самых найноўшых тэхналогій, якія змяняюць нашае жыццё да лепшага. І зараз мы прапануем кожнаму, хто прыйдзе на выставу ў гістарычны музей апрануць VR–акуляры Samsung і адчуць сябе ў неверагоднай рэальнасці велічных і прыгожых беларускіх замкаў”.

Праект VKL3D будзе знаходзіцца ў межах пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, а таму магчымасць наглядна ўявіць веліч эпохі 15–17 стагоддзя змогуць усе жадаючыя ў любы час.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

г.Мінск, вул. К.Маркса, 12

тэл. 327 43 22