Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Музейныя заняткі

Вандроўка па палескім падворку

У юных вандроўнікаў, а таксама іх бацькоў ёсць унікальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў дагістарычнае мінулае ў спецыяльнай інтэрактыўнай зале пад назвай "Жывая археалогія. Палескі падворак 2 тыс. да н.э."

Занятак-падарожжа дапаможа наведвальнікам ўявіць незвычайны разнастайны прадметны свет першабытных людзей. Падчас падарожжа можна пазнаёміцца з жаночым строем таго часу, ткацкімі прыстасаваннямі гарызантальнай і вертыкальнай канструкцыі, станком, на якім свідравалі камень, паспрабаваць секчы дрэва крамянёвай сякерай і шмат іншага.

Адмысловае вогнішча, дрэвы, камяні, гукі прыроды дапамагаюць паглыбіцца ў архаічны час.

Для наведвальнікаў 1–3 класаў.

Археалагічныя раскопкі

Дзецям прапануецца на некаторы час стаць памочнікамі археолага, а дакладней – дапамагчы яму правесці археалагічныя раскопкі на ўяўленым гарадзішчы жалезнага веку "Малышкі". Пад кіраўніцтвам музейнага педагога дзеці не толькі даследуюць культурныя слаі, але і вызначаюць накірункі свету, вядуць палявы дзённік, складаюь план раскопа.

Для вучняў 4–6 класаў.

Лялькі з бабулінага куфэрка

Прыемна быць крышку творцам, ствараць цёплае, добрае і радаснае, а пасля дарыць гэта родным і сябрам! Пад час занятку "Лялькі з бабулінага куфэрка" ўдзельнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з некаторымі абрадавымі лялькамі, але і зробіць сваю, адметную і непаўторную. Тым больш лялькі, як галоўныя дзеючыя асобы абрадаў і традыцый нашых далёкіх продкаў, робяць мінулае больш цікавым і зразумелым. Гэта параўнальна малая, але вельмі прыкметная частка матэрыяльнай культуры народа прыносіць радасць не толькі дзецям, але і дарослым.

Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Сакрэты ткацкага рамяства

"Ух, зусім распаясаўся..." – спадзяемся вам ніколі не даводзілася чуць такія словы ў свой адрас. Адкуль пайшло такое выказванне, чаму поясу нашыя продкі надавалі такое значэнне, надзялялі абярэгавай сілай, выкарыстоўвалі ў абрадах… Пра гэты такі звыклы і ў той жа час цікавы элемент адзення юныя наведвальнікі могуць даведацца, прыйшоўшы на занятак "Сакрэты ткацкага рамяства". Акрамя таго, на ўласным вопыце дзеці пазнаёмяцца са старажытнай тэхнікай ткацтва на бердзечку: выткуць паясок, які забяруць сабе на памяць.

Для вучняў 3–6 класаў.

Цыкл заняткаў "Адкуль наш род"

Цыкл заняткаў "Адкуль наш род" прысвечаны гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага і складаецца з трох частак.

Пад час першага занятку юныя наведвальнікі пазнаёмяцца з асновамі гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага, даведаюцца аб тым, як змянялася тэрыторыя гэтай дзяржавы, яе асноўных палітычных і культурных цэнтрах; пачуюць аб найгалоўнейшых падзеях яе мінулага; сфармуюць ўяўленне аб унутранным уладкаванні ВКЛ і РП, а таксама эвалюцыі іх дзяржаўнага ладу. Першая частка заканчваецца тэатралізаваным пасаваннем хлопчыкаў на рыцара, а дзяўчынак прыняццём у фрауцымер каралевы і вялікай князёўны.

Другі занятак цыклу засяроджваецца на вышэйшым саслоўі ВКЛ і РП – шляхце. Юныя ўдзельнікі на падставе музейнай экспазіцыі даведаюцца пра правы і абавязкі гэтага стану, яго арыгінальную культуру і нават моду; пазнаёмяцца з сармацкім партрэтам і вядомымі гістарычнымі дзеячамі, пачынаючы ад Канстанціна Астрожскага і Льва Сапегі, заканчваючы Каралем Станіславам Радзівілам "Пане Каханку" і Тадэвушам Касцюшкам. Дзеці вывучаць генеалагічныя дрэвы розных родаў, якія маюцца ў экспазіцыіі, даведаюцца пра прынцыпы іх складання. Нарэшце, хлопцы і дзяўчаты паспрабуюць скласці сваё генеалагічнае дрэва пад уважлівым наглядам дасведчаннага педагога. Генеалагічныя дрэвы дзеці могуць забраць з сабою.

Нарэшце, трэці занятак прысвечаны геральдыцы. Удзельнікам тлумачыцца, што такое герб, хто можа з’яўляцца яго носьбітам; распавядаецца аб асноўных элементах герба і багатай гербавай сімволіцы. Напрыканцы занятку дзеці паспрабуюць уласнаруч зрабіць свой герб і патлумачыць яго сімволіку. Гатовы герб можна будзе забраць з сабою на памяць.

Для вучняў 4–7 класаў.

"Далёкіх прадзедаў запавет"

Пад час занятку "Далёкіх прадзедаў запавет" у непасрэднай і захапляючай атмасферы, праз гульню юныя наведвальнікі атрымаюць першаснае ўяўленне пра жыццё першабытнага чалавека, яго адносіны да прыроды. Праграма паклікана зацікавіць самых маленькіх далейшым наведваннем Нацыянальнага гістарычнага музея, самастойным паглыбленнем ведаў па гісторыі Беларусі.

Для вучняў 1–2 класаў.

Кошт аднаго занятку: 6 руб.