Выстава «Выратаванне Еўропы. 110 год Нарачскай аперацыі»
18 сакавіка 2026 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Выратаванне Еўропы. 110 год Нарачскай аперацыі».
Нарачская бітва стала першай наступальнай аперацыяй Рускай імператарскай арміі пасля вялікага адступлення 1915 г. Яе вопыт выкарыстаў А.А. Брусілаў пры распрацоўцы планаў Луцкай бітвы – знакамітага Брусілаўскага прарыву.
Стратэгічная мэта Нарачскай аперацыі была дасягнута. Ацаніўшы сітуацыю ў раёне Нарачы як крытычную, немцы спешна перакінулі ў раён баявых дзеянняў чатыры свежых дывізіі (дзве з Усходняй Прусіі і дзве з Бельгіі), якія павінны былі дзейнічаць супраць Вердэна. Ні адна германская частка не была знята з рускага фронту. Больш таго, з 9 па 16 сакавіка націск немцаў на крэпасць Вердэн істотна аслабеў. Рэха Нарачы даляцела да Францыі…
Сёння Нарач – месца памяці і асэнсавання. Выстава заклікана паказаць, што гэта зямля не толькі маляўнічы край азёр і лясоў, але і поле бітвы, дзе кожная вышыня, кожнае балота захоўвае адгалоскі сакавіцкіх баёў 1916 года.
Часовая экспазіцыя ўяўляе сабой фотахроніку больш за 100 здымкаў, якія апісваюць боль, пакуты і жахі Нарачскай аперацыi. 5 дыярам з выкарыстаннем 3D тэхналогій адлюструюць тэмы:
- Пазіцыі рускіх і нямецкіх войскаў на возеры Нарач
- Акоп
- Унутраны выгляд касцёла ў Відзах пасля бою
- Лазарэт
- Нарачская аперацыя. Страчаная спадчына.
Таксама можна будзе пазнаёміцца з рэканструкцыяй ваеннага абмундзіравання часоў Першай сусветнай вайны.
Асаблівае месца ў экспазіцыі зойме адноўлены аўтарам выставы самалёт Morane-Parasole, які стаяў на ўзбраенні Расійскай арміі.
Выставачны праект заснаваны на ўнікальнай калекцыі лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, кавалера ордэна Дружбы, аўтара праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» Уладзіміра Ліхадзедава.
Экспазіцыя размесціцца на тэрыторыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, ва ўнутраным дворыку і сямі памяшканнях часоў Першай сусветнай вайны.
