Выстава ў Калмыкіі «Арнамент у народным касцюме. Незабытыя традыцыі»
З 22 мая па 30 чэрвеня 2026 года ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Калмыкія ім. М.М. Пальмава (г. Эліста) будзе экспанавацца выставачны праект «Арнамент у народным касцюме. Незабытыя традыцыі» са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Выстава пазнаёміць наведвальнікаў з багаццем традыцый беларускага народа праз дэкаратыўна-прыкладное мастацтва канца ХІХ – першай трэці ХХ стагоддзя: разнастайным тэкстылем і прадметамі побыту.
Яскравым элементам нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца традыцыйны касцюм (строй). На выставе будзе прадстаўлена адзенне асноўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Заходняга Палесся (заходнія рэгіёны Беларусі на мяжы Польшчы), Падняпроўя (усход Беларусі), Панямоння (заходнія тэрыторыі Беларусі) і Цэнтральнай Беларусі (цэнтральныя рэгіёны краіны). На аснове народнага строю можна прасачыць асаблівасці крою і ўпрыгажэнні асноўных элементаў касцюма – кашулі, спадніцы, фартуха, галаўнога ўбору, пазначыць характэрны арнамент і каляровую кампазіцыю рэгіянальных комплексаў.
Адмысловая ўвага надавалася арнаменту, які беражліва захоўваўся пакаленнямі на працягу шматлікіх гадоў. У беларускіх узорах пераважалі геаметрычныя элементы – чатырохвугольнік, квадрат, ромб, зорка, крыж, разнастайныя лініі. Часам гэтыя фігуры пераходзілі ў раслінныя формы. Важнае значэнне надавалі колеру, укладваючы ў яго адмысловы сэнс: белы (знак чысціні і міру), чырвоны (сонца, жыцця і радасці), чорны (зямлі, продкаў). З дапамогай арнаменту чалавек мог данесці пэўную інфармацыю да грамадства: узрост, статус, сямейнае становішча, этнакультурны рэгіён.
Традыцыя арнаментавання адбілася і на іншых прадметах побыту. На выставе будуць экспанавацца багата дэкарыраваныя рушнікі, абрусы, посцілкі, паясы, калаўроты, каўшы, чуркі.
Прадстаўленая на выставе калекцыя мае вялікую мастацкую і навуковую каштоўнасць, адлюстроўвае шматграннасць мясцовых лакальных традыцый, уражвае разнастайнасцю ўзораў і кампазіцый, багаццем каларыстычнай гамы і матываў. Выставачны праект «Арнамент у народным касцюме. Незабытыя традыцыі» – унікальная магчымасць дакрануцца да традыцыйнай беларускай культуры, зразумець асаблівасці народа.
Нацыянальны музей ім. М.М. Пальмава
Час працы: выходны – панядзелак, аўторак-пятніца з 09:00 да 18:00,
субота-нядзеля – з 10:00 да 16:00
адрас: г. Эліста, вул. Джангара, 9
тел. (847 22) 4-32-81
https://www.museumkalmykia.ru/ceny/.
