Выстаўка да юбілею народнай артысткі БССР Браварскай Зінаіды Іванаўны
27 жніўня 2026 года ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачне работу выстаўка да юбілею народнай артысткі БССР Браварскай Зінаіды Іванаўны.
Народная артыстка БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Зінаіда Іванаўна Браварская працавала ў купалаўскім тэатры больш за 60 гадоў. Яна сыграла дзясяткі роляў у тэатры і кіно, на тэлебачанні і радыё.
Зінаіда Браварская нарадзілася 31 жніўня 1916 года, станцыя Адэса-Дачная, ў сям’і чыгуначніка. Да тэатра яе далучыла маці, якая была чалавекам рознабакова адораным, добра грала на фартэпіяна, увесь свой вольны час аддавала аматарскаму тэатру.
Скончыла Зінаіда Іванаўна Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (1937). Сцэнічную дзейнасць пачала ў Тэатры юнага гледача Беларусі, дзе вызначылася ў ролі Тоні Туманавай («Як гартавалася сталь» паводле М. Астроўскага). З 1938 пачынае працаваць у Нацыянальным акадэмiчным тэатры імя Я. Купалы. Гэтаму тэатру Браварская прысвяціла ўсё жыццё, толькі вайна на некаторы час разлучыла іх. У перыяд з 1941 па 1950 год яна была актрысай маскоўскага франтавога тэатра “Агеньчык”, тэатраў Ашхабада, Пензы і Куйбышава. У 1950 годзе вярнулася ў Мінск, у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
Самыя вядомыя ролі у тэатры: Ірына («Вогненны мост» Б. Рамашова), Ірына Аляксандраўна («Трэцяя патэтычная» М. Пагодзіна), Крысціна Хэлмер («Паўночная мадонна» браты Тур), Ксенія («Палата» С. Алёшына), Клея («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Ніхаль («Дзівак» Н.Хікмета). Разнастайную гаму фарбаў ад мяккай іранічнай інтанацыі да з’едлівай іроніі, вострага гратэску выявіла ў ролях Юлечкі («Даходнае месца» А. Астроўскага), Жонкі («Забыты ўсімі» Н. Хікмета), Бэкбік («Што той салдат, што гэты» Б. Брэхта), Маці («Зацюканы апостал» А. Макаёнка) і інш.
Выступала як актрыса, аўтар і рэжысёр больш за 40 пастановак на Беларускiм радыё, у тым лiку «Краіна Мурлындзія» (1967), «Мафін і яго славутая карчомка» паводле Э. Хогарт (1970), «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча (1978). Выканала ролю імператрыцы Аляксандры Фёдараўны ў тэлевізійнай пастаноўцы «Крах».
Выкладала ў Беларускiм тэатральна-мастацкiм інстытуце (1953–1955, 1967–1988). Памерла Зінаіда Іванаўна Браварская 18 лютага 2005 года.
На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: дакументы, асабістыя рэчы артысткі, афішы да спектакляў. Выстаўка стане дапаўненнем да экспазіцыя “Тэатральная культура Беларусі XX ст.”
