Навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак «ГРАЙ»
2 лістапада 2026 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак «ГРАЙ», які рэалізаваны сумесна з Фабрыкай ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі АЙчыны!»).
На выставе будзе прадстаўлена калекцыя ёлачных упрыгожванняў з усяго свету, якая штогод папаўняецца новымі прадметамі. Экспазіцыя пазнаёміць з гісторыяй вытворчасці шкляных шароў і іншых святочных упрыгожванняў з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён. Вывучэнне старажытных і сучасных цацак дазволіць наглядна прасачыць як з цягам часу мяняліся матэрыялы для іх вырабу, спосабы дэкарыравання і традыцыі афармлення святочных ялінак.
Наведвальнікі змогуць убачыць навагоднія цацкі з розных куткоў свету, у тым ліку з Конга, Перу, Інданезіі, Новай Зеландыі і Паўночнай Карэі. Геаграфія калекцыі дае магчымасць пазнаёміцца з разнастайнасцю святочнага ўбранства і параўнаць, як у розных краінах увасабляюць вобразы зімовых урачыстасцей.
Частка выставы прысвечана традыцыйным беларускім зімовым святам, навагоднім абрадам і батлеечным інтэрмедыям. Гэтая тэма раскрые святочныя звычаі і пазнаёміць наведвальнікаў з культурнай спадчынай Беларусі.
Асаблівы раздзел экспазіцыі – ёлачныя цацкі савецкага перыяду, якія адлюструюць навагоднія традыцыі той гістарычнай эпохі, падораць дарослым цёплыя ўспаміны аб дзяцінстве, а дзецям адкрыюць свет ёлачных упрыгожванняў мінулых пакаленняў.
У перыяд правядзення выставы будуць арганізаваны майстар-класы па роспісе ёлачных цацак. Удзельнікі змогуць паспрабаваць сябе ў мастацкім афармленні ўпрыгожванняў і зрабіць аўтарскую навагоднюю цацку. Таксама у рамках праекта наведвальнікі змогуць набыць ёлачныя ўпрыгожванні брэнда «ГРАЙ».
Запрашаем пагрузіцца ў атмасферу чароўных зімовых свят!
Папярэдні запіс для груп на майстар-клас па тэлефоне: (029) 653-38-42. Індывідуальнае наведванне майстар-класа па жывой чарзе.
Запіс на экскурсію па выставе «Музей ёлачных цацак «ГРАЙ» па тэлефонах: (017) 374-83-22, 365-48-27
Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12
Штодзень з 10:00 да 19:00
Тэл. (017) 374-83-22, 365-48-27
