Конкурс дзіцячай творчасці “Калядныя замалёўкі – 2025”
Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, аб’яўляе прыём работ на штогадовы конкурс дзіцячай творчасці “Калядныя замалёўкі – 2025”
Конкурс “Калядныя замалёўкі” на лепшы дзіцячы малюнак ці выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на калядную тэматыку заснаваны па ініцыятыве Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
Конкурс праводзіцца з мэтай падтрымкі і заахвочвання таленавітых дзяцей і падлеткаў на стварэнне высокамастацкіх работ, закліканы прыцягнуць увагу да святкавання Калядаў, садзейнічаць далучэнню дзяцей і падлеткаў да беларускай народнай культуры і развіццю іх творчых здольнасцей, дае магчымасць удзельнікам паказаць сваё бачанне свята “Калядаў”.
Удзельнікамі конкурсу могуць стаць навучэнцы пазашкольных устаноў, агульнаадукацыйных і мастацкіх школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў Рэспублікі Беларусі ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца работы на калядную тэматыку, ад кожнага ўдзельніка па адной працы.
На конкурс прымаюцца жывапісныя і графічныя малюнкі, вышыўкі (фармат не больш за А3), вырабы з керамікі, пап’е-машэ, макрамэ, саломкі і іншыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на калядную тэматыку.
Умовы конкурсу:
- Работы павінны быць падрыхтаваны да экспанавання.
- Усе работы павінны мець анатацыю, надрукаваную шрыфтам Times New Roman 16, міжрадковы інтэрвал – 1,0.
Прыклад:
| Іваноў Іван. Калядная зорка. СШ №20. 10 гадоў. |
- Конкурсныя работы мінулых гадоў пажадана не прадстаўляць.
Работы прымаюцца 01 – 15 снежня 2025 г.
па адрасе г.Мінск, Музычны завулак, 5.
Тэлефон для даведак: 8017 326 26 67.
