Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя «Жыццё на беразе»

1 жніўня 2026 года ў Музеі прыроды і экалогіі, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адкрываецца часовая экспазіцыя «Жыццё на беразе».

Тэрыторыя Беларусі з’яўляецца вадападзелам для басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Усяго ў рэспубліцы налічваецца 20,8 тыс. рэк агульнай працягласцю 90,6 тыс. км, больш за 10 тыс. азёр, а таксама дзясяткі тысяч вадасховішчаў, сажалак і каналаў.

Больш за сто відаў птушак з 340, якія насяляюць краіну, адносяцца да каляводных, балотных і вадаплаўных: Гусепадобныя (качкі, гусі, лебедзі), Сеўцападобныя (кулікі, чайкі, крачкі), Буслападобныя і Пеліканападобныя (буслы, чаплі, бакланы). На тэрыторыі Беларусі ў межах водных экасістэм сустракаецца 12 відаў амфібій, 2 віды рэптылій, 7 відаў млекакормячых і некалькі сотняў насякомых.

На часовай экспазіцыі «Жыццё на беразе» дарослыя і дзеці змогуць убачыць экспанаты з фондавых калекцый музея: еўрапейскую норку і андатру, кутору звычайную, крыжанку і балотную вып, вялікую і малую паганку, разнастайных рыб і ракаў. Таксама ў зале музея будзе прадстаўлены гербарый балотных і прыбярэжных раслін.

Часовая экспазіцыя дазволіць атрымаць асалоду ад прыгажосці і разнастайнасці роднай прыроды.