Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Заўсёды нечаканая…”

Часовая экспазіцыя “Заўсёды нечаканая…” да 125-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Веры Пола пачне працу 6 лютага 2026 г. у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

          Пола Вера Мікалаеўна нарадзілася 7 лютага 1901 г. у Мінску. Вера Пола – актрыса з плеяды той моладзі, што на пачатку 20-х гадоў прыйшла ў трупу тагачаснага БДТ-І (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца беларускіх народных песень. Прафесійную падрыхтоўку атрымала ў рэжысёра Е. Міровіча, праявіўшы сябе актрысай яркага камедыйнага таленту. На працягу 55-гадовай працы на сцэне купалаўскага тэатра стварыла цэлы шэраг яркіх запамінальных вобразаў. Мастацтву Веры Мікалаеўны ўласцівы псіхалагічная дакладнасць створаных вобразаў, сацыяльная акрэсленасць і шматграннасць характараў. Найбольш ярка яе талент праявіўся ў беларускай драматургіі, дзе кожны вобраз прасякнуты народным гумарам, багаццем інтанацый, моўнай характарыстыкай персанажаў. Гэта яскравыя ролі: Агаты (“Паўлінка” Я.Купалы), Маланні (“Кар’ера таварыша Брызгаліна” Е. Міровіча), Марылі (“Бацькаўшчына” К. Чорнага), Кацярыны, Ганны Паўлаўны, Насці, Паўліны Бохан (“Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, “Канец дружбы”, “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы). За апошнюю ролю актрыса атрымала Дзяржаўную прэмію СССР (1952).

            Шмат адметных вобразаў стварыла актрыса і ў сусветным класічным рэпертуары, падкрэслівала тыповыя рысы і адначасова вылучала самабытнасць характараў сваіх гераінь: Карміцелька (“Рамэо і Джульета” У. Шэкспіра), Дуэння (“Дзень цудоўных падманаў” Р. Шэрыдана), Жыўка  (“Пані міністэрша” Б. Нушыча), Прастакова (“Недаростак” Дз. Фанвізіна), графіня Чарская (“Уваскрэсенне” паводле Л. Талстога), Аркадзіна (“Чайка” А. Чэхава).

            У 1929 г., яна сыграла ролю партызанкі Алесі ў кінафільме “Хвоі гамоняць”. Затым былі экранізацыі “Несцеркі” і “Паўлінкі”, дзе яна ўвасобіла вобразы Мальвіны і знакамітай Агаты.  

      На выстаўцы прадстаўлены  матэрыялы  з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.  

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.