Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя, прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Глебаўскай Яніны Казіміраўны

22 кастрычніка 2026 года ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачне работу часовая экспазіцыя, прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Глебаўскай Яніны Казіміраўны.

Гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа нельга ўявіць без Яніны Казіміраўны Глебаўскай. Яе імя сярод тых, хто быў пачынальнікам БДТ-2 і ствараў яго ўсенародную славу.

Нарадзілася Яніна Казіміраўна 24 кастрычніка 1901 года ў Мінску ў сям’і сакратара Мінскай жаночай гімназіі. Акцёрскую працу яна пачала ў 1919 г. у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. У 1920 г. паступіла ў маладзёжную студыю пры Першым беларускім дзяржаўным драматычным тэатры ў якасці артысткі балета. Праз год была накіравана вучыцца ў Маскву, дзе ў 1921 г. арганізавалі Беларускую драматычную студыю. Пасля заканчэння студыі ў Маскве ў 1926 г. Я. Глебаўская атрымала накіраванне ў Віцебск, дзе быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, пазней перайменаваны ў тэатр імя Я. Коласа.

Народнасць, вострая характарнасць, філіграная вытанчанасць малюнка ролі ўласцівы творчасці Я.К.Глебаўскай. Яна стварыла сакавітыя народныя характары ў беларускім нацыянальным рэпертуары: Даміцэля («Прымакі» Я. Купалы), Мальвіна («Несцерка» В. Вольскага), Югася («Навальніца будзе» А. Звонака паводле трылогіі Я. Коласа «На ростанях»), Паўлючыха («Лявоніха» П. Данілава), Сухадол («Сэрца на далоні» І. Шамякіна), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча).

Поспех прынесла роля ганчарыхі Мальвіны ў спектаклі па п’есе В. Вольскага «Несцерка». Актрыса стварыла глыбока нацыянальны, сапраўды народны вобраз самаўладнай гаспадыні, апанаванай жаданнем выдаць замуж Насцю за «вучонага» шкаляра і самой стаць паняй. Бліскуча сыграла актрыса ролю апантанай фанатычкі, лютай ігуменні Маланні ў спектаклі па п’есе М. Горкага «Ягор Булычоў і іншыя».

Шматгранная і яркая актрыса з асаблівым імпэтам і прыхільнасцю выконвала ролі характарныя і камедыйна-сатырычныя. Сваім высокім майстэрствам заваявала шырокую папулярнасць сярод гледачоў не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Яніна Казіміраўна Глебаўская атрымала ганаровае званне «Народная артыстка Беларусі» (1970) і ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Часовая экспазіцыя прадставіць матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.

Выстава дзейнічае па 05.11.2026 г.