Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Па творчых старонках Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек”

30 мая ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя “Па творчых старонках Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек”.

Тэатр лялек – гэта займальнае падарожжа ў свет мастацтва, казкі і ўяўлення. Лялечны тэатр ва ўсе часы прыцягвае і дзяцей, і дарослых. Наведванне становіцца сапраўдным святам, пагружаючы гледачоў у яркія дэкарацыі і чароўную атмасферу.

Выставачны праект пазнаёміць наведвальнікаў з найстарэйшым тэатрам нашай краіны – Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек.

Ідэя стварэння лялечнага тэатра была рэалізавана 15 ліпеня 1938 г. У той дзень у Гомелі адбылося адкрыццё Дзяржаўнага тэатра лялек БССР. У 1950 г. Дзяржаўны тэатр лялек быў перавезены ў Мінск і на пачатку ХХI ст. становіцца адным з самых яркіх лялечных тэатраў краіны.

Новы час у гісторыі тэатра бярэ адлік са з’яўлення Анатоля Ляляўскага (1956) і Леаніда Быкава (1957), галоўнага рэжысёра і мастака. Амаль трыццацігадовы перыяд у жыцці мінскіх лялечнікаў адзначаны станаўленнем самабытнай рэжысёрскай і сцэнаграфічнай культуры, пошукамі новых сродкаў выразнасці, з’яўленнем арыгінальных спектакляў для дзіцячай і дарослай публікі.

Дзякуючы пастаянным пошукам, у лепшых лялечных праектах узбагачаюцца выразныя мастацкія сродкі, іншым становіцца і ўзаемадзеянне паміж акцёрам і лялькай. Можна гавырыць аб таленавітых знаходках, вынаходніцкіх сцэнаграфічных пабудовах галоўных мастакоў розных гадоў лялечнага тэатра: Аліны Фаміной (1976-1998), Валерыя Рачкоўскага (1999-2014), Таццяны Нерсісян (з 2015), якія стварылі непаўторны свет лялечнага тэатра.

Выстаўка адлюстроўвае старонкі творчасці галоўных мастакоў тэатра праз эскізы дэкарацый, эскізы лялек, лялек з тэатральных пастановак: “Папялушка” Т. Габэ (1965), “Доктар Айбаліт” В. Карастылёва (1966), “Ліпавічкі” А. Ляляўскага паводле У. Галубка (1969), “Дзед і жораў” В. Вольскага (1973), “Цар Ірад” Г. Барышава (1993), “Салавей” паводле Г.Х. Андэрсэна (1980), “Гісторыя аднаго горада” паводле М. Салтыкова-Шчадрына (2005) і іншыя.

Запрашаем акунуцца ў чароўны свет творчасці Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.