Часовая экспазіцыя “Харавод народных танцаў”
У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пачынае працу часовая экспазіцыя “Харавод народных танцаў”.
Народны танец – гэта яркае, маляўнічае тварэнне народа. Ён расказвае і паказвае ўсю шматвяковую гісторыю грамадства, фантазіі людзей, яго пачуцці. Народны танец – гэта самая яркая і спецыфічная форма адлюстравання рэчаіснасці, узаемаадносін, норм паводзін, маралі.
Беларуская нацыянальная харэаграфія захавала багатую творчую спадчыну мінулага. Найбольш папулярныя беларускія народныя танцы — «Лявоніха», «Крыжачок», «Юрачка», «Полька-Янка», «Чарот», «Таўкачыкі», «Чобаты», «Лянок», «Кола», «Бульба», «Ручнікі» і інш. Асаблівасць беларускага танца — дынамічнасць і жыццярадаснасць, эмацыянальнасць і калектыўны характар выканання.
У цяперашні час беларускі народны танец прадстаўлены прафесійнымі танцавальнымі калектывамі, самыя вядомыя з якіх — Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, ансамбль «Харошкі», ансамбль «Лявоніха», дзіцячы ансамбль танца “Равеснік”.
Значнае месца ў сучаснай танцавальнай харэаграфіі належыць беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму харэаграфічнаму ансамблю “Харошкі”, які быў створаны ў 1974 годзе харэографамі Валянцінай Гаявой і Мікалаем Дудчанка пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Назву ансамбль атрымаў ад вёскі Харошкі Магілёўскага раёна, дзе на пачатку 1970-х гадоў запісалі танец «Гусарыкі».
За сваю творчую дзейнасць «Харошкі» стварылі звыш 20 аўтарскіх праграм у выглядзе харэаграфічных спектакляў, якія спалучаюць беларускія народныя танцы, харэаграфічныя мініяцюры і спеўна-харэаграфічныя кампазіцыі.
У стварэнні вобраза танца значны ўдзел прымаюць і мастакі, якія працуюць у сферы сцэнічнага касцюма.
Вядомы знаўца беларускага народнага і гістарычнага касцюма Юрый Піскун, стварыў вобразы для такіх знакамітых беларускіх калектываў, як “Песняры”, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча), Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”. Творчыя імкненні жывапісца, педагога і даследчыка старажытнабеларускага мастацтва адрозніваюцца шырынёй і разнастайнасцю праяў у розных сферах мастацтва і культуры.
Па эскізах мастак Айшы Браніславаўна Александровіч зроблены касцюмы да харэаграфічных пастановак «Арэлі», «Вечарына», «Свята», «Лявоніха», «Полька-Янка», «Гумарэска», «Бульба», «Карагод», «Каўтуха», «Крыжачок», «Вясёлыя Каляды», «Кабеты і жаўнеры», «Беларускі сувенір», «Кадрыля на зэдліках»
На выстаўцы прадстаўлены эскізы касцюмаў мастакоў Ю.Піскуна і А.Александровіч, афішы, аксэсуары сцэнічных касцюмаў.
Выстава дзейнічае па 10 чэрвеня 2026 г.
Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.
