Часовая экспазіцыя “Чароўны свет сцэны Любові Сідзельнікавай”
6 сакавіка ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя “Чароўны свет сцэны Любові Сідзельнікавай”.
Тэатральны свет сцэны шматгранны. Ён аб’ядноўвае працу рэжысёра, акцёраў, мастакоў па касцюмах і святлу. Дэкарацыі і касцюмы, якія з’яўляюцца складнікамі сцэнаграфіі, ствараюць унікальны візуальны вобраз спектакля, узмацняючы эмоцыі і дапамагаючы пагрузіцца ў атмасферу дзеяння. Менавіта гэтыя дэталі часта пакідаюць найболей яркае ўражанне ў гледача.
Дзякуючы выставачнаму праекту ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка наведвальнікі змогуць раскрыць для сябе чароўны свет сцэны, які стварае галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Любоў Сідзельнікава.
Любоў Акцябрынаўна Сідзельнікава нарадзілася ў Мінску, скончыла мастацкае вучылішча імя Я. Глебава (1987), Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “тэатральна-дэкаратыўны жывапіс” (1994). З 2007 па 2010 г. была галоўным мастаком-пастаноўшчыкам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. З 2023 года – галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Як мастак-пастаноўшчык працавала таксама ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Любоў Акцябрынаўна з’яўляецца мастаком-пастаноўшчыкам канцэртных праграм, юбілеяў, тэатралізаваных гала-канцэртаў, творчых вечароў. Яна пастаянная ўдзельніца рэспубліканскіх выстаў (іканаграфія, графіка і жывапіс), член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.
На выставе “Чароўны свет сцэны Любові Сідзельнікавай” прадстаўлены эскізы дэкарацый, рэпрынты, касцюмы да спектакляў: “Чорны квадрат” (1997) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, “Кашчэй Бессмяротны” (2008) у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, “Баль кветак” (2010), “Прывітанне, Брадвей” (2010), “Бабій бунт” (2009), “Мая жонка – падманшчыца” (2010), “Аршын мал алан” (2010), “Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара” (2011), “Шчаўкунчык” (2011) у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры і іншыя.
