Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Адзінства непераможнага народа”

Выстава                                                                                                    27.01.2026 – 28.02.2026

27 студзеня 2026 года ў 17.00 ў Доме-музеі І з’езда РСДРП – філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адбудзецца адкрыццё выставы “Адзінства непераможнага народа”. У аснове выставачнага праекта – экспанаты з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і матэрыялы беларускага гісторыка Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава.

Вялікая Айчынная вайна – гэта не толькі гісторыя бітваў, але і агульны боль, які звязаў лёсы самых розных народаў. Месца, дзе гэтая сувязь адчуваецца асабліва востра – Ленінград.

27 студзеня – не проста дата ў календары, а дзень памяці аб мужнасці, стойкасці і неверагоднай сілы духу. 872 дні пекла, 872 дні барацьбы за жыццё пад градам снарадаў у ледзяным кальцы блакады. Ленінград выстаяў. На яго вуліцах, на падступах да горада плячо ў плячо змагаліся і паміралі за сваю Радзіму рускія, беларусы, украінцы, казахі, людзі ўсіх нацыянальнасцей вялікай краіны. І ў гэтым сутнасць непераможнага духу, у гэтым сапраўднае адзінства народа.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з беларускім гісторыкам, лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Аляксеевічам Ліхадзедавым, пры садзейнічанні Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўляе выставу “Адзінства непераможнага народа”, прысвечаную гэтай святой памяці.

Перад наведвальнікамі паўстануць пераканаўчыя апавядальнікі той страшнай і гераічнай пары: асабістыя рэчы жыхароў блакаднага Ленінграда – маўклівыя, але красамоўныя захавальнікі памяці, што гавораць пра трагедыю і надзею, арыгіналы і копіі лістоў, якія злучылі абложаны горад з Вялікай зямлёй, са скупымі радкамі пра каханне, развітальнымі словамі, з цяплом і бясконцай верай у перамогу.

Выстава “Адзінства непераможнага народа” – не проста паказ артэфактаў, а мост паміж мінулым і сучаснасцю, паміж Ленінградам і Мінскам, паміж пакаленнямі, як напамін пра тое, што наша агульная памяць мацней за любога ворага.

Сэрцам экспазіцыі стануць унікальныя сведчанні эпохі – паштоўкі, паштовыя карткі, фатаграфіі, лісты і прадметы з асабістай калекцыі Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава. Выстава працягвае місію памяці, пачатую іншай яго калекцыяй, раней перададзенай Прэзідэнту Расіі У.У.Пуціну як сімвал непарыўнай сувязі нашых народаў. Цяпер жа бясцэнны збор Уладзіміра Аляксеевіча, дапоўнены прадметамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, зойме сваё сталае месца ў Мінску.

Падчас адкрыцця выставачнага праекта ўнікальныя прадметы, якія расказваюць пра гісторыю супраціўлення і мужнасці, праяўленай падчас блакады горада, будуць перададзены Уладзімірам Аляксеевічам Ліхадзедавым у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Музей працуе з 10.00 да 19.00, каса да 18.30
Дом-музей I з’езда РСДРП
Адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 31 А
тэл.: 390-68-47